Турнір пачаўся Эўхарыстыяй у слонімскім касцёле святога апостала Андрэя, якую ўзначаліў пробашч слонімскай парафіі а. Юрый Катовіч OFMCap. Пасля заканчэння Імшы галоўны арганізатар турніру, адказны па справах спорту і фізічнага выхавання ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей, падзякаваў духавенству, спонсарам і валанцёрам, якія на працягу дваццаці гадоў дапамагалі ў правядзенні гэтага спартыўнага мерапрыемства. Усе атрымалі ад арганізатара памятныя сувеніры. Потым каманды накіраваліся на стадыён ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, каб высветліць, хто з іх мацнейшы на футбольным полі.
Каманды былі падзелены на групы і распачаліся спаборніцтвы, якія праходзілі ў трох узроставых катэгорыях: “А” – малодшая, вучні 5-7 класаў школы; “В” — сярэдняя, вучні 8-11 класаў; “С” — старэйшая, ад 17 гадоў. У малодшай групе гуляла 3 каманды, у сярэдняй — 6. Найбольшая барацьба разгарнулася ў старэйшай групе, у якой удзельнічала 11 каманд, сярод іх нашы міярчане.