Святарскае пакліканне патрабуе шмат энергіі і высілкаў, бо яно спалучана з найбольшай адказнасцю, якая існуе на зямлі – адказнасцю за вечны лёс чалавека. Вялікая адказнасць можа прывесці да духоўнага і эмацыянальгана “выгарання” святара. Каб гэтага пазбегнуць, трэба ўмець “пераключацца” на іншыя справы. Такой аддушынай для ксяндза Уладаса былі птушкі.
Цікавасць да пярнатых узнікла яшчэ ў дзяцінстве, а потым яна перарасла ў сапраўднае захапленне. Праз некалькі гадоў душпастырскага служэння ў Мёрах, у святара з’явілася магчымасць пабудаваць вальеры для ўтрымання птушак. Паўліны, фазаны, папугаі, куры і іншае птаства радавала не толькі сэрца ксяндза Уладаса, але і мінакоў, а таксама тых, хто спецыяльна прыходзіў палюбавацца прыгожымі птушкамі і паслухаць іх спевы.
Казімір Дарожка ўзгадвае: “Каб папоўніць калекцыю новымі відамі, ездзілі на птушыныя кірмашы ў Маскву, Кіеў. Выязджалі каля 5-ай гадзіны вечара, каб раніцай быць на месцы. Калі выбар быў зроблены, вярталіся дадому пад птушыны гоман. Душпастырскія справы не заўсёды давалі магчымасць святару даглядаць за сваімі гадаванцамі, таму яму часта дапамагалі ахвотныя.”
У пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя фотакарэспандэнт раённай газеты Казімір Блажэвіч зрабіў невялічкую фотасесію ксяндза Уладаса з яго птушкамі. Гэтыя фотаздымкі і сёння радуюць вока.