Наша зямлячка, сястра назарэтанка Кацярына Шэнда, у Гродне прынесла вечныя манаскія абяцанні
20 жніўня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) сястра Кацярына Шэнда з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла вечныя манаскія абяцанні.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, гэта адбылося падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Сястра Марыя Кацярына, адказваючы на пытанні біскупа, абяцала яшчэ больш дасканала прысвяціць сябе Богу, з дапамогай Яго ласкі прыняць і заўсёды захоўваць той спосаб жыцця ў дасканалай чыстасці, паслухмянасці і ўбостве, які абралі сабе Хрыстус Пан і Яго Маці.
Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел святары, назарэтанкі, якія служаць у Беларусі, а таксама родныя i сябры сястры Кацярыны.
Як знешні знак вечнага пасвячэння сястра атрымала пярсцёнак са словамі па-лацінску: “Мой каханы мой, а я Ягоная”, якія нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў сястры Кацярыне кожны дзень узрастаць у святасці, да якой запрашае ўсіх людзей сам Езус Хрыстус.
На заканчэнне сястра, перапоўненая радасцю, падзякавала Богу за гэты цудоўны дзень, які ўключыў яе ў паўнаце ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дзе яна будзе падзяляць з гэтай законнай сям’ёй усё, што Пан падрыхтаваў для яе ў сваёй адвечнай любові.
Паводле сайта Grodnensis.by
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі