25 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін святога Крыштафа, які з’яўляецца апекуном кіроўцаў. У гэты дзень або ў бліжэйшую нядзелю ў каталіцкіх святынях адбываецца благаслаўленне вадзіцеляў і транспартных сродкаў.
Абраз святога Крыштафа з маленькім Езусам на плячы вядомы, напэўна, кожнаму верніку. Тым не менш пра жыццё і дзейнасць гэтага амаль што самага папулярнага ў народзе святога, аднаго з чатырнаццаці заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах, адсутнічаюць якія-небудзь дакладныя звесткі. Агіёграфы тлумачаць гэта тым, што пасля нашэсця варвараў на Рым былі знішчаны ўсе дакументы з жыццяпісамі хрысціянскіх мучанікаў. Але шматлікія легенды і выключная пашана да гэтага святога ўжо ў V ст. сведчаць пра тое, што такі мучанік сапраўды быў рэальнай асобай.