Свята Узвышэння Святога Крыжа
14 верасня ў Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Лічыцца, што 14 верасня 335 г. была асвячона святыня над пячорай Гробу Пана, у якім устанавілі знойдзены Крыж Збаўцы. Каб шматлікія хрысціяне, прысутныя на ўрачыстасці, маглі ўбачыць вялікую святыню, біскуп узнімаў («узвышаў») Крыж над галовамі прысутных. У Рыме свята было ўведзена папам Грыгорыем І.
Маці імператара Канстанціна Алена ў 325 г., ужо на схіле жыцця, накіравалася ў Ерузалем з надзеяй адшукаць Крыж, на якім быў укрыжаваны Езус. За два стагоддзі перад тым імператар Адрыян загадаў засыпаць месца пахавання Хрыста і пабудаваць там храмы Юпітэра і Венеры. Тым не менш Алена змагла адшукаць месца пахавання цела Хрыста, пабудавала над ім святыню і ўнесла ў яго Крыж Збаўцы. Пасля яе смерці паўсталі гісторыі аб знаходжанні Крыжа, паводле якіх былі адкапаны тры крыжы, а Крыж Хрыста выявіўся тым, што вярнуў да жыцця прыкладзенае да яго мёртвае цела чалавека.

Аб выяўленні Жыватворнага Крыжа Панскага святою Аленаю пісалі многія раннехрысціянскія аўтары. Святы Амброзій, біскуп Міланскі, у пахвальным слове Феадосію Вялікаму таксама сведчыць пра гэтую падзею. Ён згадвае пра знойдзеную таблічку ад Крыжа з надпісам, аб якой паведамляюць евангелісты, і цвіках, якімі былі прабіты рукі і ногі Хрыста. Ян Златавусны гаворыць, што калі было адкапанае «святое дрэва», то яго пазналі па таблічцы з надпісам і месцы знаходжання паміж двума іншымі крыжамі (разбойнікаў). Не адмаўляе падзеі св. Еранім, які таксама згадвае пра цвікі. Пра знойдзены Крыж Збавіцеля пісаў св. Кірыл Александрыйскі. Паўлін, епіскап Нолы, у лісце ад 403 г. напісаў, што ў Ерузалеме св. Алена збірала звесткі пра месца, дзе быў засыпаны Крыж, не толькі ў хрысціянаў, але і ў больш інфармаваных юдэяў.

Найбольшая частка святога Крыжа цяпер знаходзіцца ў катэдральным касцёле святога Міхала і святой Гудулы ў Бруселі. У базыліцы св. Пятра ў Рыме захоўваецца частка рэліквій, якую візантыйскія імператары насілі на грудзях падчас найбольшых урачыстасцяў. У скарбніцы парыжскай катэдры ёсць частка святога Крыжа, падораная польскаю каралеваю Ганнаю Ганзага, які яна, верагодней за ўсё, атрымала ад караля Яна Казіміра. Даволі вялікая частка святога Крыжа знаходзіцца таксама ў базыліцы святога Крыжа ў Рыме.

Catholic.by
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі