Праз 80 гадоў абраз Маці Божай Друйскай вярнуўся ў святыню
10 верасня ў Мёрскім дэканаце адбылася знамянальная гістарычная падзея. Дзякуючы Божаму Провіду, праз дамоўленасць паміж суседнімі парафіямі, абраз Маці Божай Друйскай, які 80 гадоў знаходзіўся ў парафіі Маці Божай Шкаплернай у Ідолце, быў перададзены парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.
Імпрэза распачалася ў парафіі Маці Божай Шкаплернай ў Ідолце а 11-ай гадзіне. Звяртаючыся да парафіянаў, якія прыйшлі развітацца з абразом, пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч заўважыў: "Сёння мы развітваемся з цудадзейным абразом, які доўгі час знаходзіўся ў нашай святыні, але мы не развітваемся з Маці Божай. Бо яна, як Маці ўсіх, хто вызнае веру ў яе сына Езуса Хрыста, ніколі нас не пакіне. Яе матчына апека над намі будзе трываць заўсёды."
У знак удзячнасці Маці Божай за яе прысутнасць і мацярынскую апеку, вернікі памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Марыйнае набажэнства распачалося Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, а завяршылася Ларэтанскай Літаніяй.
Затым, у прысутнасці біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, канцлер Курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч зачытаў гісторыю абраза Маці Божай Друйскай.

Гістарычная даведка

Цудадзейны абраз Маці Божай быў прывезены ў Друю падчашым браслаўскім Пятром Казімірам Качаноўскім з Вільні ў канцы ХVІІ стагоддзя і першапачаткова знаходзіўся ў драўляным касцёле Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі.

Цудадзейны абраз Маці Божай Друйскай з'яўляецца копіяй абраза Маці Божай з базылікі Santa Maria Maggiore ў Рыме, вядомы на айчыне як Salus Populi Romani (Пратэктарка Рымлянаў), а на землях Рэчы Паспалітай — як Маці Божая Снежная (Santa Maria ad Nives).

Абраз Маці Божай Друйскай намаляваны на палатне і аздоблены металічнай шатай з каронамі.  Зафіксаваныя шматлікія сведчанні цудаў аздараўленняў і ацаленняў вернікаў, якія звярталіся ў сваіх патрэбах да Багародзіцы перад Друйскім абразом Маці Божай.

Пасля пабудовы ў Друі дамініканскага мураванага касцёла пад тытулам Апекі Маці Божай і яго асвячэння ў 1779 годзе абраз быў змешчаны ў галоўным алтары новай святыні. Пасля закрыцця дамініканскага касцёла і кляштара царскімі ўладамі, абраз перадалі ў касцёл Святой Тройцы. У 1943 годзе касцёл і кляштар Святой Тройцы былі адабраныя нямецкімі захопнікамі і ператвораныя ў сядзібу карнай экспедыцыі. 4 ліпеня 1944 года ў касцёл трапілі бомбы, а каля 1947 года савецкія ўлады гвалтоўна яго зачынілі. Прыблізна ў гэтым прамежку часу абраз Маці Божай Друйскай, для яго бяспекі, быў перавезены ў касцёл у Ідолце.
На ўрачыстую перадачу абраза ў Ідолта з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі прыехалі вернікі на чале з пробашчам, доктарам тэалогіі ксяндзом Сяргеем Сурыновічам. Парафіяне прыбылі не з пустымі рукамі. У знак удзячнасці за руплівае захоўванне абраза Маці Божай Друйскай, яны перадалі парафіі ў Ідолце абраз Маці Божай Шкаплернай. Гэты абраз быў напісаны падчас VІІІ-га Мастацкага пленэру, што ладзіўся ў Друі ў жніўні гэтага года.
Біскуп Алег Буткевіч асвяціў новы абраз, а затым адбылося ўрачыстае падпісанне Акта перадачы абразоў Маці Божай Друйскай і Маці Божай Шкаплернай. У Акце, акрамя інфармацыі аб перадачы абразоў, сказана: "Няхай гэтыя абразы спрыяюць пашырэнню Марыйнага культу ў гэтых парафіяльных супольнасцях. Няхай атрымаюць шматлікія Божыя ласкі тыя вернікі, якія спрычыніліся да захавання старажытнага абраза і напісання новага."
Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі звяртаючыся да прысутных адзначыў: "Сёння асаблівым чынам радуемся і дзякуем Пану Богу за тое, што гэтая вялікая святыня была захавана. Дзякуем тым людзям, якія адчувалі адказнасць, якім балела сэрца за святыню, праз якую чалавек шукаў і знаходзіў шлях да Бога, праз пасрэдніцтва якой атрымоўваў вялікія ласкі, каб яна і далей служыла выразам любові да Усемагутнага Бога".
З вялікай пашанай і радасцю ў сэрцы сустракалі абраз Маці Божай ў Друі. Пасля таго, як ён быў змешчаны на часовым, спецыяльна падрыхтаваным месцы, распачалася ўрачыстая святая Імша, у якой прынялі ўдзел святары Мёрскага і Браслаўскага дэканатаў. Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У сваёй гаміліі, разважаючы над роляй Маці Божай ў жыцці Касцёла і жыцці кожнага чалавека, Яго Эксцэленцыя адзначыў: "Для нас, як веруючых людзей, Найсвяцейшая Панна Марыя — гэта так, як прысутнасць маці ў жыцці дзіцяці. Усе страхі, увесь неспакой, уся небяспека адыходзяць тады, калі мы адчуваем Яе матчыну блізкасць, адчуваем біццё Яе матчынага сэрца. Так будзе сёння ў гэтай парафіі. Тая, якая была тут на працягу трохсот год, якая атуляла апекай сваіх дзяцей, далей будзе прабываць сярод нас. Важна, каб мы адкрылі свае сэрцы на Яе матчыну ласку, на Яе матчыну любоў."
Пасля Эўхарыстыі пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі доктар тэалогіі ксёндз Сяргей Сурыновіч падзякаваў усім за супольную малітву. Святар заахвоціў парафіянаў да ўдзелу ў набажэнствах першых суботаў месяца, якія будуць адпраўляцца перад абразом Маці Божай Друйскай.
Пасля Імшы вернікі ўшанавалі абраз Маці Божай Друйскай праз прыватную малітву.

Жанна Закрэўская
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі