На пачатку сваёй дзейнасці ў Мёрах ксёндз Уладзіслаў арганізаваў рамонтныя работы. Былі заменены вокны, зроблены алтары ля бакавых калон, устаноўлена сістэма ўзмацнення гуку. На новых парафільных могілках пабудавана капліца.
Аднак не матэрыяльныя пытанні хвалявалі святара. У сваіх казаннях ён падымаў глыбокія маральныя праблемы: захаванне хрысціянскіх традыцый пры пахаванні (без алкаголю), заключэнне сакраманту шлюбу, аборты, занятасць моладзі, забабоны і інш.
Дзякуючы ксяндзу Уладзіславу Пятрайцісу, у касцёле мілагучна загучала беларуская мова. Змест літургіі і рэлігійных тэкстаў стаў больш зразумелы для вернікаў. Каб задаволіць усе слаі насельніцтва, Святыя Імшы праводзіліся на трох мовах: у нядзелю а 10-ай гадзіне – на беларускай мове, а 12-ай – на польскай мове, у суботу а 19-ай – на рускай мове.