Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету
У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Сёлета яна прыпадае на 21 лістапада. Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету з’яўляецца самай «маладой» у Каталіцкім Касцёле. Яна была ўстаноўлена папам Піем XI у 1925 г.
Спачатку гэтую ўрачыстасць адзначалі ў апошнюю нядзелю кастрычніка, нягледзячы на рухомыя святы. Пасля сабору літургічная рэформа перанесла дзень гэтай урачыстасці на заканчэнне літургічнага года — апошнюю нядзелю, якая папярэднічае першай нядзелі Адвэнту.

Урачыстасць Хрыста Валадара дазваляе хрысціянам ушанаваць Збаўцу і Месію, прызначанага праз вякі быць правадыром і кіраўніком Выбранага народа — новага Ізраэля, Касцёла Хрыстовага. Гэтае свята з’яўляецца нагодай усвядоміць, што насамрэч мы не належым да гэтага свету і павінны жыць па іншых законах. Валадарства Божае «сярод нас» рэалізуецца тады, калі мы жывём паводле запаведзяў, якія з’яўляюцца «заканадаўствам» гэтага Валадарства.

Па традыцыі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў касцёлах вядзецца падлік вернікаў, якія прысутнічалі на святой Імшы і прымалі Святую Камунію. Захаваліся звесткі з вынікамі падлікаў у нашай святыні за 2002 і 2011 гг.
Цікавы той факт, што больш за ўсё вернікаў прысутнічала ў нядзелю на святой Імшы а 10-ай гадзіне, а вось Святую Камунію прымалі часцей на Імшы а 8-ай гадзіне.

Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара асаблівым чынам моляцца за міністрантаў, якія служаць пры алтары, таксама ў гэты дзень у парафіях збіраюцца ахвяраванні на духоўныя семінарыі. З гэтай нагоды рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталь Вайцяхоўскі скіроўвае свой ліст да вернікаў.
Жанна Закрэўская паводле Catholic.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by