Фестывалю каляднай песні "Зорка Бэтлеема" споўнілася 20 гадоў
5 студзеня 2002 года адбыўся першы фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема”. На конкурс сабраліся 9 калектываў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. Шаноўным госцем і старшынёй журы стаў ксёндз канонік Уладас Пятрайціс. На фестывалі гучалі песні на беларускай, рускай, польскай і італьянскай мовах.
Задума арганізаваць конкурс каляднай песні з’явілася ў арганісткі Анжэлы Кіпрушавай. Менавіта яна прапанавала ладзіць фестываль на Каляды, калі дзеці і моладзь адпачываюць на зімовых канікулах. Ідэю падхапіў пробашч парафіі ксёндз Кшыштаф Мянкіна і аказаў дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў. Першапачаткова фестываль планавалася праводзіць толькі з удзелам суседніх парафій, аднак біскуп Уладзіслаў Блін вырашыў зрабіць яго дыяцэзіяльным.
Справа была новая і невядомая, але хутка знайшліся аднадумцы, якія дапамаглі рэалізаваць маштабны праект. Аздабленнем сцэны і вырабам дэкарацый кіраваў Баляслаў Чарняўскі, настройкай музычнага абсталявання займаўся Аляксанд Пісар. Дзякуючы карэспандэнтам Казіміру Блажэвічу і Вользе Вішнеўскай падзеі фестывалю рэгулярна асвятляліся ў раённай газеце, што дазваляе зараз прасачыць усю гісторыю конкурсу, а відэафільмы Васіля Мядзюхі дапамагаюць зноў акунуцца ў атмасферу свята.

З кожным годам павялічвалася колькасць удзельнікаў, узрастаў іх прафесійны ўзровень, пашыралася жанравасць. Конкурс набываў папулярнасць і выйшаў за межы Віцебскай дыяцэзіі. У фестывалі ў розныя гады прымалі ўдзел выступоўцы з Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, а таксама моладзь з абмежаванымі магчымасцямі суполкі "Батэль” з Польшчы і прадстаўнікі беларускай школы імя Францыска Скарыны з Вільні. У першыя гады фестывалю акрамя музычных нумароў у праграме былі таксама і батлейкі. З-за вялікай колькасці ўдзельнікаў і насычанай праграмы ў 2004 і 2005 годзе фестываль праходзіў у два дні, але потым было прынята рашэнне праводзіць конкурс батлеек у Віцебску.
Кожны год змест конкурснай праграмы быў непаўторны і цікавы, заслуга ў гэтым Ірыны Качан, нястомнага вядучага і сцэнарыста імпрэзы. Гульні, конкурсы, разнастайныя забавы паміж выступленнямі надавалі фестывалю дынамічны і святочны характар, падымалі настрой і спрыялі радаснаму перажыванню Божага Нараджэння.
Дзеці і моладзь нашай парафіі заўсёды былі актыўным ўдзельнікам конкурсу, пры гэтым кожны год прадстаўлялі выступленні ў розных намінацыях: сола, дуэт, гурт, інструментальнае выкананне. Падрыхтоўкай самадзейных артыстаў займалася Анжэла Кіпрушава, якая праводзіла не толькі рэпетыцыі з дзецьмі і падлеткамі але і пісала музыку да аўтарскіх калядных твораў, займалася перакладам песень з польскай мовы на беларускую. Дапамогу ў падрыхтоўцы інструментальных выступленняў аказвала выкладчык раённай школы мастацтваў Таццяна Бялевіч.

Пастаяннымі ўдзельнікамі фестывалю былі моладзь з Шаркаўшчыны, Браслава, Дзеркаўшчыны, Глыбокага. Даязджалі таксама выступоўцы з Новага Пагоста, Удзела, Мосара, Відзаў, Друі, Варапаева, Оршы, Полацка, Наваполацка, Ушачаў, Віцебска і інш.
Кожны год перад журы стаяла складаная задача. Арыгінальны падыход да выканання вядомых песень, аўтарскія творы, высокі прафесіяналізм, дзіцячая непасрэднасць, разнастайнасць музычнага аздаблення, калядныя дэкарацыі і касцюмы — усё гэта неабходна было ўлічыць, каб вызначыць лепшых. Члены журы павінны былі не толькі вылучыць пераможцаў, але сваёй ацэнкай не згасіць запал тых, хто яшчэ мае перспекетывы для росту. Можна з упэўненасцю сказаць, што крытычныя заўвагі па выступленнях давалі добры плён, бо ўдзельнікі не толькі не абражаліся, але прымалі іх і вярталіся на наступны год за перамогай.

Аднойчы біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што "ўсе, хто прыехаў на фестываль, ужо з'яўляюцца пераможцамі" і гэта адпавядае рэчаіснасці. Бо за свае выступленні ўдзельнікі конкурсу атрымоўвалі ветлівыя ўсмешкі і шчодрыя апладысменты гледачоў, а таксама падарункі, спонсарамі якіх была мёрская парафія, а  ў апошнія два гады яшчэ і дабрачынная арганізацыя "Карытас" Віцебскай дыяцэзіі.
З цягам часу фестываль стаў значнай культурна-рэлігійнай падзеяй не толькі для парафіянаў, але і для ўсіх жыхароў раёна. Правядзенне конкурсу падтрымала мясцовае кіраўніцтва, аказвалі дапамогу работнікі культуры і адукацыі. Неаднаразова госцем фестывалю быў праваслаўны святар айцец Мікалай Рунда. У 2020 гадзе ў фестывалі ўдзельнічала прадстаўніца евангельска-хрысціянскай царквы “Благодать”. На жаль, пандэмія каронавірусу ўнесла свае карэктывы ў правядзенне конкурсу. Хочацца спадзявацца, што ў будучым фестываль будзе мець свой працяг.

Вядома, што да падрыхтоўкі фестывалю за такі значны перыяд прычынілася вялікая колькасць людзей, таму немагчыма ўзгадаць усіх у адным артыкуле. Хай кожнага, хто зрабіў унёсак у развіццё фестывалю, бласлаўляе Пан Бог.

Жанна Закрэўская, тэкст, фотаматэрыялы ўласныя і з архіва парафіі.
Вольга Вішнеўская, відэа
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by