Зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды падрыхтоўкі да святкавання 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай
Маці Будслаўская, Маці святая
Перад Табою галовы схіляем…

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
У наступным каляндарным годзе міне 25 гадоў з таго часу, як кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, аздобіў абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. Здзяйсняючы каранацыю, кардынал Казімір Свёнтэк прамовіў:

«Маці Божая Будслаўская! Наша Пані і Каралева! Мы, Твае падданыя, пакорна схіляючы перад Табою галовы, абяцаем Табе, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збавіцелю, вернымі Табе і Касцёлу!»

Звычай каранацыі абразоў Маці Божай з даўніх часоў распаўсюдзіўся ў Каталіцкім Касцёле як знак таго, што Бог праз малітвы вернікаў, узнесеныя перад некаторымі абразамі Панны Марыі, спасылае людзям шчодрыя дары і абуджае хрысціянскую пабожнасць. Каранацыя абразоў з’яўляецца важным выразам любові вернікаў да Багародзіцы і еднасці з Апостальскім Пасадам.

Сярод абразоў Дзевы Марыі, якія былі каранаваныя ў Беларусі, у гэтыя дні хацелася б асаблівым чынам узгадаць пра абраз Маці Божай Будслаўскай, каранаваны 2 ліпеня 1998 года. Вось ужо амаль 25 гадоў папскія кароны на гэтым славутым абразе Багародзіцы з’яўляюцца сімвалам перамогі дабра над злом, радасці над страхам. Ні час ваяўнічага атэізму, ані нядаўні пажар — нішто не змагло знішчыць наш Нацыянальны Санктуарый.

Дарагія браты і сёстры! Я хацеў бы запрасіць вас да ўдзелу ў Навэнне з нагоды 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Разам з усімі біскупамі Беларусі мы вырашылі, што ад кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць на працягу дзевяці першых субот гэтых месяцаў, у Будславе будзе адбывацца асаблівая малітва.

За кожную першую суботу Навэнны будзе адказваць вызначаны святар і група людзей.

Я заахвочваю ўсіх прыбываць у Будслаў у першыя суботы месяца са сваімі радасцямі і турботамі, молячыся за жывых і памерлых.

Кожную першую суботу месяца а 12-й гадзіне ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будзе адбывацца святая Імша, якая з’яўляецца галоўнай часткай нашай малітоўнай падрыхтоўкі.

Радуе, што Навэнна ахопіць увесь наш Касцёл у Беларусі. У акрэсленыя дні Навэнны ў ёй будуць удзельнічаць біскупы з вернікамі сваіх дыяцэзій, а таксама прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы.

Для многіх вернікаў Будслаў — гэта месца паяднання з Богам. У Будславе мы пакідаем свае грахі, разлічваючы на прабачэнне. Разам з усімі біскупамі Беларусі я горача прашу ўсіх нашых святароў рымскага і візантыйскага абрадаў, нягледзячы на занятасць, прыбываць у Будслаў і быць міласэрнымі служыцелямі сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Заахвочваем дзяцей і моладзь праявіць сваю любоў да Багародзіцы, прыняўшы удзел у конкурсе верша, песні і малюнка «Марыя ў маім сэрцы». Падрабязнасці ўдзелу ў конкурсе будуць змешчаны на партале Сatholic.by.

Магчыма, прыбыццё ў Будслаў будзе азначаць для нас вялікую ахвяру. Ад многіх з нас Будслаў знаходзіцца далёка, а прыехаць туды азначае кардынальную змену планаў. У сувязі з гэтым мне ўзгадваецца наша моладзь, якая ўлетку без нараканняў, нягледзячы на спёку і адлегласць, пераадольвае пешшу многія кіламетры, каб прыйсці ў Будслаў. У Апостальскай адгартацыі Christus vivit Папа Францішак заахвочвае моладзь не праводзіць усё жыццё перад экранам, а жыць і адкрывацца на тое, што ў жыцці найлепшае (CV 143).

Калі мы сапраўды захочам, мы знойдзем час і магчымасць, каб прыйсці да Маці Божай.

Няхай нашая малітоўная падрыхтоўка стане ўкладам у будаванне міру ва ўсім грамадстве.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Вялікая навэнна з нагоды святкавання 25-ці годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай
ПЛАН НАВЕДВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА САНКТУАРЫЯ
1 кастрычніка 2022 – 1 ліпеня 2023
Па ініцыятыве арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арганізоўваецца Вялікая навэнна з нагоды святкавання 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 85-м Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 27 ліпеня 2022 г., ухваліла, што ўсе дыяцэзіі Беларусі прымуць актыўны малітоўны ўдзел у падрыхтоўцы да гэтай падзеі. У Будслаўскім санктуарыі пройдуць шматлікія набажэнствы з удзелам біскупаў, святароў і вернікаў з паасобных дыяцэзій. Кожная дыяцэзія будзе мець свой вызначаны дзень правядзенння Вялікай навэнны ў Нацыянальным санктуарыі, аднак пры гэтым таксама запрашаюцца ўсе ахвотныя — духоўныя і свецкія — далучацца да супольнай малітвы, незалежна ад тэрытарыяльнай прыналежнасці. Першыя суботы месяца стануць асаблівымі днямі малітвы.

Па рашэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, асаблівы клопат аб арганізацыі і правядзенні гэтай навэнны ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе даручаны Мінскаму катэдральнаму капітулу святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай на чале з дэканам, ксяндзом канонікам Антоніем Клімантовічам.
ПРАГРАМА ДНЯ НАВЕДВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА САНКТУАРЫЯ
Кожная першая субота месяца
1 кастрычніка 2022 – 1 ліпеня 2023
10.30 – Прыезд у Нацыянальны санктуарый
– Прывітанне пілігрымаў (адказны канонік)
11.00 – Тэматычная канферэнцыя (біскуп або каму сам даручыць)
11.30 – Супольны Ружанец, споведзь (адказны канонік)
12.00 – Канцэлебраваная Імша (узачальвае біскуп)
– выстаўленне Найсв. Сакрамэнту (канонік адказны за прывітанне)
– малітвы на паасобныя дні Вялікай навэнны
– Літанія да НПМ
– благаслаўленне Найсв. Сакрамэнтам (біскуп)
14:00 – Пачастунак
15:00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці (канонік адказны за споведзь)
– благаслаўленне вады і рэлігійных рэчаў
– інтэрактыўны адпачынак
17:00 – Благаслаўленне на вяртанне (біскуп або канонік)

Сatholic.by
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі