Напачатку Літургіі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначыў: "Ксёндз Уладас Пятрайціс для парафіі і для Міёршчыны мае своеасаблівае значэнне. Ён застанецца ў нашай памяці найперш сваёй адданай працай, сваёй шчырасцю, сваім інтузіязмам, якога хапала не толькі на Міёрскую парафію... Святар, які, між іншым, быў літовец, вучыў нас беларусаў беларускай мове... Ён збіраў на святыя Імшы вялікую колькасць людзей, сярод якіх было шмат мужчын. Сёння дзякуем Пану Богу, што дазволіў ксяндзу Уладасу быць на гэтым месцы, весці нас у нябеснае валадарства".
Успамінамі пра святара падзяліўся падчас сваёй гаміліі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які вучыўся разам з ксяндзом Уладасам Пятрайцісам у духоўнай семінарыі ў Каўнасе. Яго эксцэленцыя, заўважыў: "Святарства — гэта не прафесія, святарства — гэта пакліканне. Падчас прыміцыйнай Імшы новапрэзбітарам часта жадаюць: каб з пад яго рукі выйшаў хоць бы адзін святар. З пад рукі ксяндза Уладаса выйшла 10 святароў. Гэта вялікі прыклад для нас біскупаў і святароў... Святы Айцец Бенедыкт ХVI на сустрэчы са святарамі ў Варшаве ў 2006 годзе сказаў: "Вы павінны быць спецыялістамі ў спатканні чалавека з Богам". Ксёндз Уладас Пятрайціс імкнуўся быць такім спецыялістам".