Парафія Перамянення Пана
(а.г.Германавічы, Шаркаўшчынскі раён)
Населеныя пункты: Германавічы, Белы Двор, Баяры, Буды, Беляны, Васількова, Вялікае Сяло, Цярэшкі, Дзікева, Глінаўка, Грыгараўшчына, Іванава, Ямна, Юзэфова, Каралева, Красная Гара, Крапіўнікі, Красоўшчына, Курылава, Людвінава, Лазовікі, Мікіцёнкі, Навасельцы, Атокі, Папкі, Пашкі, Пагары, Прамяны, Радзюкі, Сталіца, Шышкі, Зорка, Жукі Ложныя, Жукі Ніжнія.
Капліцы:
Бальнова - капліца Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі,
Зорка - капліца Святога Шарбэля.


Адпусты:

свята Перамянення Пана - 6 жніўня;
урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла - 29 чэрвеня;
урачыстасць Звеставання Пана - 25 сакавіка;
свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі - 31 мая (капліца у в. Бальнова).


Гадзіны цэлебрацыі св. Імшы:

у нядзелю і ўрачыстасці і святы па-за нядзеляй: 9.00 - Зорка, 10.00 - Германавічы
у буднія дні:
          18.00 (панядзелак, серада, пятніца) 
          10.00 (аўторак, чацвер, субота)

Адміністратар:
ксёндз Ян Пугачоў,
тэл.: +375 (2154) 3 83 59
маб. +375292908145
Гісторыя парафіі
Германавічы — вёска ў Шаркаўшчынскім раёне, за 20 км ад г.п. Шаркаўшчына. Упершыню ўзгадваецца пад назвай Ерманавічы ў 1563 г. як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяводствам.

Першы мураваны касцёл пад тытулам Перамянення Пана ў Германавічах быў пабудаваны ў 1787 г. у стылі позняга барока як грэка-каталіцкая царква. Гэты помнік архітэктуры "віленскага барока" паўстаў дзякуючы сродкам фундатара Ігната Зрыні-Шырына. Каля 1800 г. святыня стала рыма-каталіцкай.


У 1810 г. у Германавічах была заснавана парафія (Дзісненскі дэканат). Касцёл як парафіяльны ўзяў свой пачатак з запісу спадчыннікаў гэтай мясцовасці Юзафа, Антонія, Юстына і Вінцэнта Шырынаў, якія ў дакуменце, выдадзеным у 1810 г. у Дзісненскім павятовым урадзе і ў тым жа годзе зацверджаным дыяцэзіяльным біскупам Якубам Дэдэркам, прызначылі пастаяннае ўтрыманне для касцёла і пробашча.


У 1902 г. пробашчам парафіі стаў ксёндз Філіп Будтвід (Бутвідзіс) (1859-1884-7.01.1909), які памёр у парафіі і быў пахаваны каля касцёла. Апошнія гады свайго жыцця святар знаходзіўся пад свецкім судом па справе народных школ.

Наступным пробашчам парафіі, які нёс служэнне тут у 1909-1915 гг., стаў ксёндз Ян Замейць (1877-1900-?), прызначаны ў 1912 г. віцэ-дэканам Дзісненскім.


У 1915-1921 гг. адміністратарам парафіі быў ксёндз Антоній Гедгоўд (1878-1908-?), у 1921-1922 гг. пробашчам з'яўляўся ксёндз Стэфан-Аляксандр Вяжбоўскі (1879-1903-?). У 1923-1930 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Ільдэфонс Бобіч. 4 верасня 1927 г. кананічную візітацыю ў парафіі здзейсніў Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.  У 1930-1936 гг.  у парафіі працаваў ксёндз Людовік Балабан (27.06.1872-1896-05.05.1936), які адрамантаваў касцёл у Германавічах (пахаваны каля касцёла). Наступным пробашчам з 27 лістапада 1936 г. па чэрвень 1941 г. быў ксёндз Вінцэнт Габшэвіч (1872-1895-25.06.1941). Святар памёр раніцай 25 чэрвеня, калі адыходзілі савецкія войскі.

Напрыканцы жніўня 1941 г. у парафію быў прызначаны ксёндз Пётр Блажэевіч.

3 30 ліпеня 1945 г. паслугу ў парафіі распачаў ксёндз Браніслаў Чапеўскі (3.03.1910-16 06.1940-?), які ў 1946 г. выехаў у Польшчу.

У1947 г. у парафію пераехаў ксёндз Ян Грабоўскі. У1949 г. святар быў арыштаваны НКУС і ў 1950 г. у Полацку быў асуджаны па арт. 72 КК БССР на 25 гадоў лагераў, 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў і канфіскацыю маёмасці. Пасля арышту святара, яго маці выселілі з дому, а сам дом разабралі. Жанчына знайшла прытулак у суседзяў.

Касцёл быў зачынены і з 1949 г. выкарыстоўваўся пад збожжасховішча. Касцёльная маёмасць часткова была знішчана, часткова разабрана на захаванне парафіянамі. Фігура Маці Божай з галоўнага алтара святыні пазней трапіла ў музей з подпісам "Каралева XVII стагоддзя".

Пасля ўтварэння сядзібы МТС (машынна-трактарнай станцыі) у Гераманавічах касцёл апынуўся на яе тэрыторыі.

Падчас адбывання святаром пакарання парафіяне не гублялі з ім сувязі, дасылаючы яму адзенне і ежу. Пасля свайго вызвалення ў 1956 г. святар вярнуўся ў Германавічы, спрабуючы атрымаць у мясцовых уладаў дазвол на служэнне. Чакаючы дазволу, святар таемна праводзіў душпастырскае служэнне ў Германавічах і ваколіцах. Аднак, не атрымаўшы згоды ўладаў на служэнне ў парафіі, святар быў вымушаны выехаць у Мёры. Тым часам вернікі змагаліся за вяртанне свайго касцёла. У 1956 г. яны неаднаразова звярталіся з заявамі па гэтым пытанні да ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў па Маладзечанскай вобласці, да ўпаўнаважанага пры Савеце Міністраў па БССР, а таксама да Старшыні Савета Міністраў СССР. Пасля рэарганізацыі МТС вернікі зноў у 1958-1959 гг. спрабавалі вярнуць свой касцёл. У гэты час мясцовы калгас выкарыстоўваў касцёл як склад. Наступныя заявы аб вяртанні касцёла вернікі пісалі ў 1979 годзе.

Некалькі дзесяцігоддзяў вернікі з Германавіч наведвалі суседнія касцёлы ў Задарожжы і Мёрах.

16 жніўня 1988 г. парафія ў Германавічах была зарэгістравана. 31 кастрычніка касцёл блаславіў айцец Люцыян Паўлік МІС, які служыў у Задарожжы.

Першапачаткова парафіяй апекаваўся айцец Люцыян Паўлік МІС (дэкрэт ад 04.10.1988). У1990 (05.12)-1991 гг. у парафіі служыў айцец Багдан Анецька МІС, у 1991-1992 (05.11) айцец Войцех Сакалоўскі МІС, затым зноў айцец Люцыян Паўлік МІС, у 1995-2000 гг. айцец Ян Вайткевіч МІС, у 2001-2002 гг. —  айцец Чэслаў Курэчка МІС, у 2002-2009 гг. — ксёндз Тадэвуш Кароляк.

З 1 лістапада 2009 г. адміністратарам парафіі з’яўляецца Ян Пугачоў.

6 жніўня 2017 г. у свята Перамянення Пана парафія ўрачыста адсвяткавала 230-годдзе існавання касцёла.
     
Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by