У сэрцы кожнага, хто ведаў ксяндза Уладаса, жывуць свае ўспаміны пра яго. Для кагосьці, ён застаўся ў памяці як мудры прамоўца, які ўмеў знайсці неабходныя словы падчас гаміліі. Трапіўшы на добрую глебу, яны прыносілі багаты плён. Пры гэтым ён не прагнуў красамоўства, а імкнуўся данесці Божую праўду да сэрца кожнага.
Іншыя памятаюць яго як нястомнага пілігрыма, які, кіруючы свой шлях да святых мясцінаў, вёў за сабой і вернікаў. Аглона, Шаўляй, Будслаў, пілігрымкі ў Вільню і Беласток на сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ. Яго асабістая сустрэча з Пантыфікам у Рыме ў 1992 годзе стала істотнай падзеяй для ўсёй парафіі.