Са святам Божага Нараджэння!
Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам. (Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал веры)
Дарагі брат і сястра, у ноч Божага Нараджэння ты прыдзеш у касцёл і схіліш калені перад яслямі, што будуць нагадваць табе месца нараджэння Божага Сына.
Задумаешся аб тым, як так магло стацца, што Езус, у якога мы верым як у Адзінароднага Божага Сына і Збаўцу свету, нарадзіўся ў такіх не дастойных чалавека ўмовах. Прыгадаеш словы 8 псальма “чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?” (Пс 8,6)

Паслухаеш калядныя спевы і паглядзіш каляднае прадстаўленне, што падрыхтавалі дзеці. Магчыма, уздыхнеш, як хутка ляціць час. Здаецца толькі летась ты сам удзельнічаў у такім спектаклі, а ўжо дваццаць гадоў прайшло…

І толькі Езус у яслях не расце. Нават фігурка тая самая і так нагадвае табе дзяцінства, калі ты ўбачыў яе першы раз. Ён так, як і раней, ляжыць у халоднай стайні парафіяльнага касцёла і цягне рукі да кожнага, хто падыходзіць. 

Молячыся і просячы Пана ў такія хвіліны аб розных патрэбах і дабрадзействах у надыходзячым годзе, не запамятай папрасіць аб памнажэнні веры. Каб ужо не толькі “ў душы” ды на свята, але пастаянна знаходзіць час на штодзённую малітву і нядзельную святую Імшу ў касцёле.

Благаславёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года ўсім Вам жадае кс.Андрэй Кулік і святары Міёрскага дэканату.

Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by