Хрысціянскі свет адзначае сваё найбольшае Свята – Уваскрасенне Езуса Хрыста. Паводле сведчання апосталаў, гэтая падзея стала фактам, якому нельга было запярэчыць і які ў іх жыцці стаў па-сапраўднаму зваротным момантам. Змяніўшы бег гісторыі народаў і цэлых кантынентаў, праўда пра Уваскрослага Божага Сына дайшла да нашых дзён і надалей з’яўляецца крыніцай надзеі і моцнага пераканання ў магчымасці перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом, праўды над падманам, вернасці і адданасці над абыякавасцю і маладушнасцю.
Свята Уваскрасення Хрыста вучыць нас, што гэтая перамога можа і павінна здзейсніцца перадусім у душы, у сэрцы чалавека. Там, дзе свой пачатак бярэ грэх, там таксама шчодра разліваецца і Божая ласка (пар. Рым 5, 20). Уваскрэснуць з Хрыстом – азначае прыслухацца да Ягонага Слова і прыняць Яго ўсім сваім сэрцам.
Сёлета наша грамадства святкуе 80-годдзе перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Над той “карычневай чумой” ХХ стагоддзя, якая знішчыла дзясяткі мільёнаў людскіх жыццяў. Бесчалавечнасць Другой сусветнай вайны, зрэшты, як і кожнай іншай, вынікае з непрыняцця або памылковага разумення праўды пра чалавека як істоты створанай на Божы вобраз і падабенства, з чаго паходзіць яго годнасць і каштоўнасць яго жыцця. Бо, як кажа Святое Пісанне, “у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей” (Ян 1,4), а таксама, “каб мы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае” (Ян 20,31). Жыццё, якое Ён выслужыў нам праз пакутніцкую смерць ка крыжы і ўваскрасенне. Таму вяртанне духоўнасці і маралі ў жыццё чалавека, як асабістае так і грамадскае, – неабходная ўмова выключэння такіх трагедый у будучым.