У каталіцкім Касцёле трывае Адвэнт – час, калі мы знаходзімся ў радасным чаканні нараджэння Збаўцы. У гэты перыяд вернікі ў сваіх малітвах асабліва часта звяртаюцца да Панны Марыі, каб праз Яе заступніцтва лепш падрыхтавацца да святкавання Божага Нараджэння, далучаюцца да прыгожай традыцыі – удзелу ў раратніх Святых Імшах у гонар Божай Маці. У нашай святыні Рараты адбываюцца ў панядзелак, сераду і пятніцу ў 6.45.
Рараты – гэта Святая Імша, якая цэлебруецца на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Традыцыйна гэта была Імша, якая цэлебравалася раніцай. Назва паходзіць ад лацінскіх слоў песні, якая часта спяваецца на іх пачатку: “Rorate caeli desuper” – “Спусціце росы, нябёсы”. Эўхарыстыя распачынаецца пры патушаным святле – яно запальваецца зноў падчас урачыстага гімну “Хвала на вышынях Богу”.
Адвэнт – гэта час, які мае асаблівую атмасферу. Мэта гэтага перыяду – падрыхтаваць нас да перажывання адпаведным чынам Божага Нараджэння. У гісторыі Адвэнту быў перыяд, калі больш звярталася ўвагі на элемент фізічнага посту ў гэты час, і гэта засталося ва ўсходнім абрадзе. У Каталіцкім касцёле больш звяртаецца ўвага на той факт, што гэта час радаснага трывання ў чаканні нараджэння Божага Сына. Але гэта зусім не выключае нашых намераў (пастаноў), каб канкрэтным чынам працаваць над сабой. Важна сумясціць гэтыя два элементы: канкрэтная праца, ці нават барацьба з уласнымі слабасцямі, схільнасцямі да граху ці таго, што да яго вядзе, — і ўменне адмовіцца ад таго, што прыносіць задавальненне.
На перыяд Адвэнту вернікі часта робяць сабе канкрэтныя пастановы. У гэтым годзе мы прапануем нашым парафіянам занатаваць іх. На бочным алтары ля фігуры св. Ізыдора маецца Кніга пастаноў, у якую кожны жадаючы, ананімна можа запісаць сваю пастанову на час Адвэнту. Пастановы могуць быць розныя: адказ ад штодзённага прагляду фільмаў ці забаўляльных праграм, абмежаванне часу знаходжання ў інтэрнэце ці сацыяльных сетках, дапамога састарэлым, малітва на Ружанцы, удзел у Раратах і г.д.
Варта падкрэсліць, што нашы пастановы павінны мець глыбокае ўсведамленне, што такімі паводзінамі я хачу ахвяраваць сваю працу, барацьбу са схільнасцю да граху, дзеля, напрыклад, навяртання блізкага чалавека, або для дапамогі таму, хто сам сабе з падобнай залежнасцю не дае рады. Сэнс пастановы не ў тым, каб адказацца ад нейкіх рэчаў, а каб перажыць час Адвэнту як канкрэтны выклік для сябе і дзеля карысці іншага.