Гісторыя парафіі
Вёска Ідолта, якая размяшчаецца за 15 км ад Мёраў, была вядома ўжо з XVI стагоддзя.
Першапачаткова яна належыла роду Рудамінаў-Дусяцкіх, у 1725-1824гг. - роду Сапегаў. Затым Ідолта набыў суддзя Язэп Мілаш, там яго сын Яўген вырашыў пабудаваць сядзібу. Будаўніцтва яе распачалося ў 1860г.
У 1862г. на паўастраўку Яўген Мілаш пабудаваў капліцу пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў стылі позняга класіцызму - фамільны склеп Мілашаў у знак самоты па заўчасна памерлай жонцы. Сам фундатар памёр у 1908 г. і быў пахаваны ў гэтай капліцы. На той час капліца адносілася да тэрыторыі Друйскай парафіі.
У 1917-1919гг. рэктарам, а затым да 1920г. пробашчам тут быў ксёндз Ідэльфонс Бобіч (10.01.1890-15.07.1915-28.04.1944), ураджэнец Друйскай парафіі. Да пачатку 1920-ых гадоў святар актыўна выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дзейнасць Рыма-каталіцкага Касцёла ў Заходняй Беларусі. Падчас служэння ў Ідолце ён прамаўляў казанні на беларускай мове.
У 1918г. біскуп Юрый Матулевіч з часткі Друйскай і Мёрскай утварыў тут парафію. У 1922 г. парафія налічвала 3400 вернікаў і адносілася да Дзісненскага дэканату. У 1925 годзе парафія ўвайшла ў склад Мёрскага дэканату, у 1930 годзе ў ёй налічвалася 3077 вернікаў, у 1939 г.- 3438.
У 1920-1922 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Ян Харашуха (1892-1915-?), у 1922-1925гг. - ксёндз Цыпрыян Лазоўскі (01.10.1891-1915-26.01.1978, Польшча). У 1925-1927 гг. пробашчам парафіі быў Міхал Борык, у 1928 г. - ксёндз Тэадор Рыла (1884-1910-пасля 1945), у 1929 г. - ксёндз Вінцэнт Лабан (1898-1922-?), у 1929 -1935 гг. - ксёндз Антоній Дзічканец (1896-1921 - ?), у 1936 г. (з 8 студзеня па жнівень) - Антоній Асціловіч (1868-1895 -?). Абавязкі вікарыя ў 1926 г. выконваў ксёндз Францішак Тычкоўскі.
9 чэрвеня 1935 г. парафію з кананічнай візітацыяй наведаў Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялжбыкоўскі.
31 жніўня 1936 г. пробашчам парафіі быў прызначаны ксёндз Станіслаў Авід Эліяш (14.07.1904-1934-26.06.1941). Ён распачаў будову новага касцёла, які размясціўся бліжэй да вёскі Мілашова. План касцёла быў створаны вядомым на Віліншчыне інжынерам-архітэктарам Янам Бароўскім. 17 ліпеня 1938г. адбылося асвячэнне вуглавога каменя касцёла (на той час будова была амаль скончана, заставалася пакласці дах). На ўрачыстасці прысутнічала духавенства ўсяго дэканата, браслаўскі стараста, прадстаўнік Корпуса Аховы Памежжа і некалькі тысяч вернікаў з усёй парафіі. Акт асвячэння вуглавога каменя здейсніў ксёндз Рамуальд Свіркоўскі, які потым прамовіў гамілію. У гэты час у касцёле з 16 па 18 ліпеня адбывалася 40-гадзіннае набажэнства. Скончыць будоўлю святыні ксяндзу Эліяшу не атрымалася. Пасля 17 верасня 1939 года ў сувязі з моцнай атэістычнай прапагандай, якую праводзіла савецкая ўлада, святар ездзіў па навакольных парафіях, дзе гаварыў казанні, накіраваныя ў адказ на аргументы савецкіх лектараў. Словы святара спрыялі ўзмацненню веры. Вернікі былі ўдзячныя за самаахвярную працу пробашча і вельмі яго любілі. У ноч з 22 на 23 чэрвеня 1941 года святар быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў Беразвецкай турме каля Глыбокага, затым яго разам з іншымі вязнямі пад узмоцненым канвоем пагналі ў напрамку да Віцебска. 26 чэрвеня ў мясцовасці Таклінова каля Улы падчас налёту нямецкіх самалётаў канваіры загадалі вязням легчы на зямлю і расстралялі іх. Разам з іншымі загінуўшымі ў агульнай магіле быў пахаваны і ксёндз Станіслаў Эліяш.
Завяршаць будову касцёла давялося новаму пробашчу - ксяндзу Баляславу Грамсу (04.04.1904-1931-1944), які распачаў сваё служэнне ў парафіі 2 жніўня 1941г.
15 ліпеня 1942 г. касцёл быў кансэкраваны ў гонар Маці Божай Шкаплернай.
Ксяндза Грамса парафіяне запомнілі як чалавека вельмі самааахвярнага; ён дзяліўся з парафіянамі ежай, адзеннем, абуткам, дапамагаў Арміі краёвай, у якой ваявалі два яго родныя браты, трымаў сувязь з партызанамі, апекаваўся над яўрэямі, што хаваліся ад фашыстаў, дапамагаў цыганам. Доўгія гадзіны святар праводзіў на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. 8 чэрвеня 1944г. па загадзе акупантаў святар быў арыштаваны і жорстка збіты. Па дарозе ў Дрысу, калі ягоныя канваіры спыніліся ў нейкай хаце і пілі гарэлку, святар спрабаваў уцячы, за што і быў забіты. 10 чэрвеня ксяндза Грамса пахавалі на могілках каля касцёла. Акупанты сачылі, каб пахаванне святара не было ўрачыстым. Пахавальную Імшу па забітым святары адслужыў айцец Луцыян Паўлік МІС з Друі, які і пачаў апекавацца над асірацелай парафіяй.
У 1946 г. служэнне ў парафіі распачаў Баляслаў Заёнц МІС (05.10.1913-28.10.1942-10.04.1984). Калі пачаліся масавыя арышты святароў, яны вымушаныя былі хавацца. З ліпеня 1950 г. айцец Заёнц знаходзіўся ў Браславе, а пазней на тэрыторыі парафій Слабодка і Плюсы, пэўны час на літоўскім баку перадваеннай мяжы на Дзвіне. Знаходзячыся ў нелегальным становішчы, святар цэлебраваў Святыя Імшы, а імшальныя стыпендыі аддаваў сёстрам-эўхарысткам і людзям, якія дапамагалі яму ў гэты час.
Тым часам касцёл у Ідолце быў зачынены. 27 ліпеня 1953 г. ксёндз Заёнц быў арыштаваны, але праз некаторы час вызвалены. Пасля вяртання святара ў Ідолта святыня была вернута парафіянам. А ксёндз Баляслаў Заёнц, пераадолеўшы пэўныя цяжкасці, зноў атрымаў дазвол на служэнне ў Ідолце. Тут ён пражыў да канца свайго жыцця. Святар памёр 10 красавіка 1984 г. і быў пахаваны на могілках у Мілашове.
У савецкія часы капліца на паўастраўку была разрабавана, труны з яе падвала паразбіваныя і таксама разрабаваныя. Мясцовыя жыхары распавядалі, што два камсамольцы, якія разбівалі труны, загінулі ў тым жа годзе. Доўгі час капліца выкарыстоўвалася як склад з угнаеннямі. У 1990-ых гадах капліца была вернута парафіі.
З 1985 года вернікамі Ідолта апекаваўся ксёндз Уладас Пятрайціс з Мёраў. Затым з 1990г. пробашчам парафыіі быў Антоній Лось МІС (старэйшы), у 2001-2005гг. - айцец Вячаслаў Пялінак МІС, у 2005-2007гг. - ксёндз Ян Козак, у 2007-2009гг. - ксёндз Уладзімір Шымковіч, у 2009-2015гг. - ксёндз Генадзь Добрук, у 2015-2018гг. - зноў ксёндз Вячаслаў Пялінак, у 2018-2019гг. - ксёндз Леанід Мозгель.
З 23 чэрвеня 2019 года пробашчам парафіі з'яўляецца ксёндз Вячаслаў Адамовіч.
16 ліпеня 2012 г. у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, у ходз адпустовай ўрачыстасці, якую наведаў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, была асвечана таблічка ў гонар былога пробашча святыні ксяндза Станіслава Эліяша. Фундатарам памятнай таблічкі стаў Стэфан Друз (бацька ксяндза Эдмунда Друза TChr), парафіянін, які ў ліпені 1935 г. з рук тагачаснага пробашча ксяндза Станіслава Эліяша прыняў Першую Камунію ў ідолцкай парафіі.
16 ліпеня 2014г. парафія адзначыла 75-ую гадавіну завяршэння будаўніцтва касцёла. З гэтай нагоды Ідолта наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Імшу і ўдзяліў сакрамант канфірмацыі.
Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.