Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
(вул. Пушкіна 3а, г.Дзісна, Міёрскі раён)
Населеныя пункты: Дзісна, Арханава, Мікалаёва, Барсукі, Сіцькова, Шарагі, Туркова, Казлоўцы, Рунды, Румполле, Завуцце, Папшулі, Шніткі, Курлядзікі, Осцевічы, Дрыгучы, Бяляны, Баранчыкі, Гараўцы, Іванчыкі, Язна, Зыгмунтава, Іст, Галёнчына, Сазаны, Чэркавасава, Бярозава, Хоцькава, Парадні, Міхалішкі, Лыска, Балаі, Нямірава, Цвеціна, Навінцы, Балабошкі, Малінаўка, Лазоўцы.
Адпуст:
урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі - 8 снежня;
св.Тэклі - 23 верасня


Пробашч: ксёндз канонік Аляксандр Чайкоўскі,
  маб. тэл.:+375296515081

Гісторыя парафіі
Гісторыя сённяшняга касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пачынаецца ў 1630г., калі Кшыштаф Малькевіч-Хялкоўскі запрасіў у Дзісну айцоў францішканаў. Ён перадаў ім  маёнтак Клімаўшчына, што знаходзіўся за Дзвіной, і пабудаваў для манахаў кляштар з касцёлам і званіцай. Гэта былі драўляныя будынкі, якія стаялі непасрэдна ля берага Дзвіны.

У 1773г. францішкане распачалі будову новага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта быў мураваны будынак са сценамі паўтарамятровай таўшчыні. Яшчэ ў 1782г. Імшы цэлебраваліся ў старым касцёле. Пазней, у 1818г., была пабудавана мураваная частка кляштара.

6 жніўня 1833г. кляштар францішканаў быў ліквідаваны, а самі манахі былі вымушаны пакінуць горад. Францішканскі касцёл стаў парафіяльным, паколькі фарны касцёл быў забраны пад праваслаўную царкву. 13 верасня 1851г. гэты касцёл быў кансэкраваны арцыбіскупам Вацлавам Жыліньскім.

У выніку пажару 1882г. касцёл і кляштар былі сур'ёзна пашкоджаны, аднак ужо ў 1883г. касцёл аднавіў ксёндз Пётр Валіцкі, які і асвяціў яго.

У 1917г. у Дзісну прыбыў з візітацыяй біскуп Віленскі Эдвард дэ Роп. Увечары 20 ліпеня да вялізнага натоўпу вернікаў, які сабраўся, каб сустрэць іерарха, падчас набажэнства звярнуўся з прамовай  ксёндз Міхал Пятроўскі. На наступны дзень пасля галоўнай Імшы прамовіць казанне па-беларуску прысутныя святары даручылі ксяндзу Адаму Станкевічу. Пасля гэтага казання мясцовыя вернікі прасілі біскупа, каб ён пакінуў ксяндза Станкевіча ў Дзісне.

У 1920г. у сувязі з ваеннымі дзеяннямі касцёл атрымаў вялікія пашкоджанні: у сценах налічвалася 83 дзіркі, вокны былі павыбіваныя, дзверы зламаныя. Грунтоўная праца па аднаўленні касцёла распачалася ў 1922г. На рамонт урад выдзеліў 5 тысяч злотых, мясцовыя ж вернікі сабралі 13 тысяч злотых. Шмат намаганняў для аднаўлення касцёла прыклаў ксёндз Людвік Балобан.

У даваенны перыяд пробашчамі парафіі служылі: у 1915-1920гг. - ксёндз Вінцэнт Ташкун, у 1921г. - ксёндз Чэслаў Дабулевіч, у 1922-1923гг. - ксёндз Вінцэнт Габшэвіч, у 1923-1929гг. - ксёндз Людовік Балобан, у 1930-1934гг. - ксёндз Баляслаў Лазоўскі, 1934-1938гг. - ксёндз Ян Рамейка, у 1938-1939гг. - ксёндз Пётр Бруквіцкі.

З 8 па 11 чэрвеня 1933г. адбыліся парафіяльныя місіі, якія правяла місійная група дыяцэзіяльных святароў. Аб шматлікім удзеле вернікаў сведчыў той факт, што  ў нядзелю да Святой Камуніі прыступіла амаль 3 тысячы чалавек.

13 чэрвеня 1935г. парафію з кананічнай візітацыяй наведаў  Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

У 1939г. у парафію зноў вярнуліся францішкане. 27 красавіка 1939г. адміністратарам парафіі быў прызначаны айцец Валяр'ян Міхняк OFMConv, вікарыем - айцец Бруно Маслёна OFMConv. Але пасля змены палітычнага ладу на гэтых землях душпастырская дзейнасць айцоў францішканаў была спынена, ксёндз Валяр'ян Міхняк у кастрычніку 1939г. быў арыштаваны НКУС і высланы.

Прыкладна з 1939г. або з 1940г. і да 1942г. адміністратарам парафіі быў айцей Антоній Зяралка OFMConv. У гэты час у Дзісне існаваў францішканскі канвент. Верагодна, францішкане апекаваліся католікамі Дзісны і пасля 1942г. Так, у ліпені 1944г. у Дзісне загінуў брат Атаназій Блахно OFMConv.

Падчас ваенных дзеянняў касцёл быў сур'ёзна пашкоджаны. У выніку пажару ў ліпені 1941г. пацярпелі касцёл, званіца і плябанія. Пашкоджанні не былі вялікімі, але дах касцёла і яго ўнутранае ўбранне згарэлі. Кляштар і званіца ператварыліся ў разваліны. Пазней акупанты забралі званы, а руіны людзі разабралі пасля вайны на будоўлю сваіх дамоў. Наступныя пашкоджанні касцёл атрымаў падчас абстрэлаў пры вызваленні Дзісны ў 1944г. Як цуд успамінаюць старажылы горада, што нягледзячы на тое, што сцены святыні былі паўсюль знявечаныя снарадамі, усе крыжы над касцёлам і скульптурная выява Найсвяцейшай Панны Марыі засталіся цэлымі.

У пасляваенны час мясцовыя католікі прыклалі намаганні па аднаўленні касцёла. Паколькі ў касцёле немагчыма было маліцца, парафіяне прыстасавалі для малітвы будынак былой казармы. Аднак жаданне парафіянаў аднавіць касцёл пасля вайны сустрэла перашкоду з боку мясцовай улады: у 1951г. было забаронена праводзіць службы ў прыстасаваным пад капліцу будынку. Дзісненская парафія, якая на той час мела 370-гадовую гісторыю, спыніла сваё існаванне.

Трагічным у гісторыі парафіі стаў 1958г. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, як сын мясцовага начальніка страляў з карабіна па фігуры Маці Божай, усталяванай на франтоне касцёла, і пашкодзіў яе (была адбіта рука). Праз некаторы час, калі хлопец адпачываў з сябрамі на рацэ, на абсалютна чыстым небе з'явілася хмара, ударыла маланка і забіла хлопца. Людзі палічылі гэта за Божую кару, а бацька ўзяўся "помсціць": запрасіў у Дзісну вайскоўцаў, каб узарвалі касцёл. Тыя  двума выбухамі разбурылі  перакрыцці і сцяну галоўнага фасада. Будынак кляштара, пахаванні святароў і манахаў у сутарэннях касцёла і каля яго былі цалкам знішчаныя. Паколькі выбухі пашкодзілі суседнія хаты, у якіх павыляталі вокны, мясцовыя жыхары пачалі пратэставаць, і выбуховыя працы на гэтым былі спыненыя. Ад касцёла зпасталіся толькі тры сцяны. У такім стане касцёл і знаходзіўся доўгі час. Некалькі гадоў у ім была гарацкая сметніца, а потым меліцэйскі цір.

У 1990г. парафія ў Дзісне адрадзілася. На могілках у 1990-х гадах была пабудавана капліца. На пачатку католікі маліліся каля сцен свайго касцёла, потым - у прыватнай хаце, пасля  - у арандаваным у дзяржавы будынку. Напачатку дзісненскімі католікамі апекаваўся ксёндз Люцыян Паўлік МІС, аднак святару было вельмі цяжка служыць у некалькіх парафіях, таму 30 снежня 1994г. дэлегацыя вернікаў запрасіла ў парафію ксяндза Вітольда Малея ІМК з Дзеркаўшчыны. Ён  даязджаў сюды да снежня 1996г. Потым доўгі час у парафіі служылі святары з Мёраў.

У 2003г. парафія ўпершыню ў пасляваенны час атрымала свайго пробашча. Ім стаў ксёндз Генадзь Добрук. У гэты ж год была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца. Яна і дагэтуль з'яўляецца месцам малітвы.

У 2006г. пачалося ўзнаўленне паўразбуранага касцёла. Наноў была збудавана сцяна галоўнага фасада з франтонам, адноўлены перакрыцці і столі, узведзены дах. У верасні 2012г. на касцёле былі ўсталяваны крыжы.

У 2009-2014гг. у парафіі служыў ксёндз Аляксандр Грыцкевіч, у 2015-2019гг. - ксёндз Вячаслаў Адамовіч. З 23 чэрвеня 2019г. па 6 верасня 2020 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Андрэй Кулік. З 2021 года парафіяй апякуецца ксёндз канонік Аляксандр Чайкоўскі.

Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by