Асвячэнне фігуры апостала Мацея
2 красавіка, у Пальмовую нядзелю, пасля святой Імшы а 12-ай гадзіне ў нашай парафіі адбылася важная рэлігійная і гістарычная падзея. Канцлер Курыі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч, у прысутнасці шматлікіх вернікаў, асвяціў фігуру апостала Мацея, якая напярэдадні была ўстаноўлена ў нашай святыні.
Фігуры 12 апосталаў для нашага касцёла былі вырабленыя па замове ксяндза Юзафа Бародзіча ў Варшаве ў фірме Яна Шпяткоўскага ў 1907 г.  У 1949 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл і зрабілі ў ім зернясховішча. Калі ў студзені 1954 г.  святыню вярнулі парафіянам, яна была ў занядбаным стане: шыбы ў вокнах разбітыя, інтэр'ер моцна пашкоджаны, у тым ліку адсутнічалі фігуры ап.Бартламея і ап.Мацея.

Дзякуючы мастацкаму таленту нашага земляка — скульптара Аляксандра Чарняўскага, страчаныя гіпсавыя скульптуры адноўлены. Фігура ап.Бартламея была ўстаноўлена яшчэ ў 2012 годзе, а зараз сваё месца заняла фігура ап.Мацея.
Як адзначыў аўтар праекта мастак Аляксандр Чарняўскі, стварэнне скульптуры – гэта доўгі і крапатлівы працэс. На падрыхтоўчым этапе праводзілася работа з рэферэнцамі ( англ. referencе – даведка, базавы матэрыял для стварэння ўласных ідэй, заўв. аўт). У ходзе вывучэння малюнкаў і скульптур апостала Мацея іншых аўтараў і з улікам стылістычных асаблівасцей фігур апосталаў, якія размешчаны ў нашай святыні, распрацоўваўся ўласны эскіз. На яго аснове са скульптурнага пластыліну была выканана мадэль апостала спачатку невялікая, а потым – у поўны рост.

Наступны этап – фармоўка – уключаў выраб гіпсавых форм. Пластылінавая мадэль апостала пакрывалася спачатку тонкім слоем сілікону, а затым слоем гіпсу. Пасля высыхання формы здымаліся і ачышчаліся. Гэта быў найбольш працяглы і крапатлівы этап, бо ад якасці форм залежыў выгляд будучай скульптуры.
Пасля таго, як формы былі падрыхтаваныя, яны збіраліся ў блокі. Наступаў этап непасрэднага стварэння гіпсавай скульптуры. Формы, апрацаваныя сіліконам, з унутранага боку пакрываліся слоем гіпсу. Работу неабходна было праводзіць хутка і якасна, каб гіпс раней часу не заскаруз і не было неапрацаваных участкаў. З уліка таго, што ўнутры формы было недастаткова святла і месца, многае рабілася навобмацак. Бюст вырабляўся асобна, а потым злучаўся з фігурай. За некалькі гадзін фігура была гатова.
Заставалася толькі чакаць, калі яна высыхне і можна будзе зняць формы. Гэта быў вельмі хвалюючы час, бо калі штосьці не атрымалася б, усю работу трэба было б пачынаць нанова (мадэль і формы ў ходзе работы пашкоджваліся і іх немагчыма было выкарыстаць паўторна).

На завяршальным этапе праводзілася шліфоўка, грунтоўка і карэкціроўка фігуры, далучаліся неабходныя элементы. Праект па вырабу гіпсавай фігуры апостала Мацея вышынёй 1,7 м і вагой 90 кг заняў каля 6 месяцаў.
Дзякуючы рэалізацыі праекта, які стаў магчымы пры фінансавай падтрымцы неабыякавых людзей, наша святыня набыла завершаны выгляд і далей працягвае захапляць наведвальнікаў сваёй прыгажосцю.

Жанна Закрэўская,
фота аўтара і з архіва Аляксандра Чарняўскага
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by