У прыпавесці аб судзе, з Евангелля паводле Мацвея, суддзя-валадар гаворыць збаўленым: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц 25, 34-36). Тым жа хто не быў міласэрны кажа ісці прэч, у пякельны агонь. У Бібліі можна сустрэць асуджэнне багатых, якія крыўдзілі бедных, і наадварот, пахвалу тым, хто ім дапамагае.
На беднасць можна глядзець пазітыўна, як на магчымасць збліжэння да Бога. Часам аб гэтым гаворыцца ў Новым Запавеце. Аднак такі погляд не змяняе факт, што беднасць з’яўляецца няшчасцем, прычынай цярпення і зла, а пажаданым застаецца забеспячэнне матэрыяльных патрэбаў.
Вось некалькі цытат адносна абавязку дапамогі. Са Старога Запавету: “Адкрый руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй” (Дрг 15, 11); “Хлебам сваім падзяліся з галодным, і адзеннем – з голым; з усяго, што залішне ў цябе, – давай міласціну, і хай вока тваё не глядзіць нядобра, калі даеш міласціну” (Тоб 4, 16).
З Новага Запавету: “Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе”(Мц 5, 42); “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае” (Лк 3, 10); “Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць” (Гбр 13, 16); ”Багатым гэтага веку загадвай, [...] каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся” (1 Цім 6, 17-18).
Вялікае значэнне дапамогі патрабуючым прывяло да таго, што ў Бібліі слова “eleemosyne”, якое тлумачыцца як “літасць, міласэрнасць”, пачало азначаць міласціну. Акрамя матэрыяльнай дапамогі сустракаюцца і іншыя праяўленні клопату аб бліжніх: наведваць хворых, ратаваць тых, каму пагражае смерць, клапаціцца аб вязнях, хаваць памерлых (пар. Сір 7, 35; Прып 24, 11-12; Тоб 1, 17).
Важнай формай дапамогі бедным была пазыка без выплаты адсоткаў, таксама магчыма было і дараванне доўгу. Права Маісея абавязвала не збіраць усяго без астатку з палёў і вінаграднікаў (Зых 22, 24; Дрг 15, 1-3; 24, 19-21).
Маральнае значэнне мае тое, як аказваецца дапамога, не можна падчас давання міласціны пагарджаць іншым, або рабіць гэта з неахвотай. “Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду” (Мц 6, 2); “радаснага даўцу любіць Бог” (2 Кар 9, 7).