Ахвяраванне Езуса азначае пачатак Новага Запавету і Новага Святарства, у якім Сын Божы сам з'яўляецца Святыняй, Святаром і Ахвярай. Сутнасць гэтага свята падкрэслівае ўніверсальнасць збаўлення, якое распаўсюджваецца на ўсе народы.
Свята Ахвяравання Пана вядома яшчэ з хрысціянскай старажытнасці. У Заходнім Касцёле яно было ўведзена ў VII ст. У Рыме ў гэты дзень адбывалася найстарэйшая Марыйная працэсія, удзельнікі якой неслі запаленыя свечкі. Праўдападобна гэтая працэсія ішла да найвялікшага рымскага санктуарыя - базылікі св. Марыі Маджорэ - што і надало гэтаму святу Марыйны характар.
Ва ўсходняй традыцыі свята называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.
У Х стагоддзі з'яўляецца абрад блаславення свечак. Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «грамнічнымі», іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.
2 лютага адзначаецца таксама Дзень кансэкраванага жыцця. Кансэкраваныя асобы, падобна як Езус у Ерузалімскай святыні, ахвяруюць сваё жыццё выключна служэнню Богу.
Паводле каталіцкіх сайтаў catholic.by, grodnensis.by.
2.02.2021