WYSIWYG Web Builder
Ільдэфонс Бобіч: святар і пісьменнік

Ільдэфонс Бобіч — асветнік, доктар філасофіі, беларускі празаік, публіцыст, перакладчык і наш зямляк. У літаратуры быў вядомы як пісьменнік Пётра Просты. Але найперш ён быў святаром, які садзейнічаў пашырэнню беларускага слова ў Касцёле.
Нарадзіўся  10 (22) студзеня 1890 года ў вёсцы Дзедзіна ў небагатай сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Мілашоўскім народным вучылішчы. Пазней працягнуў вучобу ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 г. Менавіта тут ён шчыра зацікавіўся народнай творчасцю, культурай, гісторыяй Бацькаўшчыны і пачаў пісаць першыя апавяданні. 25 студзеня 1907 года ў газеце “Наша Ніва” было надрукавана яго апавяданне “Слёзы”.

Дэбют адбыўся, аднак ён не ўскружыў галаву маладому хлопцу, не перашкодзіў яму пачуць у сваім сэрцы ціхі, але настойлівы голас нябёсаў, які клікаў яго. У тыя дні ён напісаў: «Маё юначае сэрца вагаецца — як быць? Пан кліча мяне. Пан хоча, каб я сваё жыццё прысвяціў Яму. Як быць? Пэўна, выбар адзін — адказаць згодай». У 1909 годзе юнак паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, дзе праявіў сябе здольным вучнем, добрым клерыкам. Яго накіравалі на далейшую вучобу ў Рым, дзе ён вучыўся з 1911 па 1913 год. Там Ільдэфонс Бобіч атрымаў блаславенне Папы Рымскага Пія Х для ўсяго беларускага народа, а таксама для выдання беларускай каталіцкай газеты «Беларус» («Biełarus»), якая выходзіла ў Вільні з 1913 па 1915 г.
15 (27) ліпеня 1915 года Ільдэфонс Бобіч атрымаў святарскае пасвячэнне, а 19 ліпеня 1915 года ён адправіў прыміцыйную святую Імшу ў касцёле Святой Тройцы ў Друі, куды быў прызначаны вікарыем. Абразок з прыміцыі ксяндза Ільдэфонса захаваўся да сённяшняга дня, а некалькі гадоў назад у друйскім касцёле была ўсталявана памятная дошка ў гонар святара. 
Затым была душпастырская дзейнасць у Ідолце. Кс. Адам Станкевіч пісаў у сваёй кнізе «Родная мова ў святынях», што, працуючы ў Ідолце, ксёндз Бобіч паслугоўваўся беларускаю моваю.

З 1920 г. ксёндз Ільдэфонс Бобіч служыў вікарыем катэдральнага касцёла ў Вільні. Адначасова са службай у катэдры ён выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі. Актыўна выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў каталіцкае богаслужэнне.

У 1923 г. ксяндза Ільдэфонса Бобіча прызначылі пробашчам у Германавічы. Там ён навучаў у мясцовай школе, гуртаваў вакол сябе моладзь, стварыў моладзевую арганізацыю. У Германавічах доўгі час людзі цёпла ўспаміналі свайго былога святара, памятаючы яго цудоўныя казанні, чалавечую дабрыню і абаяльнасць. Айцец Язэп Германовіч згадваў, што пасля кс. Бобіча іншым было цяжка гаварыць казанні, бо святар меў надзвычайны дар прамоўцы, дар пераканання.
У 1930 годзе ксяндза Ільдэфонса Бобіча перавялі ў Іўе, дзе ён служыў адначасова пробашчам і дэканам Вішнеўскага дэканату. Тут ён напісаў два тамы казанняў: «Родная мова ў Касцёле» і «Навучайце ўсе народы». Згодна з успамінамі людзей, якія яго ведалі, святар планаваў напісаць яшчэ чатыры тамы, але ў 1942 годзе быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і шмат месяцаў правёў ў Лідскай турме. Допыты і катаванні гестапаўцаў падарвалі здароўе. 

Памёр неўзабаве пасля вызвалення з турмы (28 красавіка 1944 года). Пахаваны ля касцёла ў Іўі побач з іншымі святарамі.
Ксёндз Ільдэфонс Бобіч быў святаром, які праз пашырэнне беларускай мовы ў Касцёле, клапаціўся аб тым, каб Божае Слова было зразумела кожнаму верніку. Ён пакінуў пасля сябе каля 200 тэалагічных прац. З'яўляецца першым перакладчыкам Святога Пісання на сучасную беларускую мову.

У 110-ую гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння Ільдэфонса Бобіча, варта аддаць даніну памяці і памаліцца за святара, які нарадзіўся, вырас і працаваў на наша зямлі.

Жанна Закрэўская, паводле  часопіса "Наша вера" і матэрыялаў сайта Іўеўскай раённай бібліятэкі

26.07.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by