На службе Богу і людзям
30 красавіка мы ўзгадваем гадавіну смерці ксяндза Яна Грабоўскага, які 28 гадоў служыў у Мёрскай парафіі. Яго душпастырская дзейнасць выпала на час ваяўнічага атэізму. Людзям забаранялі адкрыта вызнаваць веру, прымаць святыя сакраманты. Аднак, дзякуючы самаахвярнай працы святара на карысць Богу і людзям, была захавана каталіцкая супольнасць і святыня.

Ян Грабоўскі нарадзіўся ў 1912 годзе ў Вільні ў сям'і чыгуначніка. Праз некаторы час яго бацькі пераехалі ў Ліду. Там Ян закончыў гімназію імя Караля Хадкевіча і накіраваўся на вывучэнне медыцыны ў Варшаву.
Падчас вучобы ў Варшаве юнак адчуў у сабе пакліканне да святарскай службы. Не завяршыўшы навучання медыцыне ён паступае ў духоўную семінарыю ў Вільні. Будучы клерыкам, Ян адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Пасля атрымання святарскіх пасвячэнняў у 1936 годзе распачаў сваю душпастырскую дзейнасць у якасці вікарыя  ў парафіі  Алькенікі (Літва). У 1938 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, аднак распачалася Другая сусветная вайна і святар вярнуўся ў Беларусь. Працаваў вікарыем у Слабодцы на Браслаўшчыне, быў пробашчам у парафіях Порплішча і Удзела. Паколькі яго брат Казімір Грабоўскі за актыўны ўдзел у дзейнасці Арміі Краёвай знаходзіўся ў сталенскім лагеры, то і за ксяндзом Янам пільна сачылі агенты дзяржбяспекі.
Пад пагрозай зняволення ў 1947 годзе святар пераязджае на душпастырскую дзейнасць у Германавічы, аднак 18 кастрычніка 1949 года ён быў арыштаваны.

Яна Грабоўскага асудзілі на 25 гадоў лагерных работ  з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўлення правоў. У лагеры ён працаваў на нарыхтоўцы лесу.

Пасля смерці Сталіна ў 1956 годзе святар быў вызвалены і рэабілітаваны. Вярнуўся спачатку ў Германавічы, але касцёл там быў канфіскаваны, таму  адгукнуўся на просьбу вернікаў аб душпастырскай дзейнасці ў мёрскім касцёле. Пасля вырашэння пэўных цяжкасцей з прапіскай ксёндз Ян  распачынае працу ў Мёрах.
Святар прыняў касцёл у жахлівым стане. Працякаў дах, аблупілася фарба на сценах, праз разбітыя вокны ў святыню заляталі птушкі, было шмат смецця. Дзякуючы намаганням ксяндза Яна і вернікаў святыня была адноўлена і ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1957 года адбылася яе рэкансэкрацыя.

Праз некаторы час пасля пераезду ксяндза Грабоўскага ў Мёры сюды пераязджаюць яго маці і брат. Брат ксяндза Яна – Казімір – быў арганістам. Маці  вяла дамашнюю гаспадарку.

Час ваяўнічага атэізму забараняў адкрыта вызнаваць веру. Для таго каб прыняць сакрамант шлюбу або ахрысціць дзіця неабходна было захоўваць сапраўдную канспірацыю (у касцёл прыходзілі па адным, з пэўным прамежкам часу). Нягледзячы на пераслед у касцёле заўсёды было шмат вернікаў.

Аб гэтым сведчаць інфармацыйны ліст ад 23 красавіка 1976 года ў якім сказана, што на свята Пасхі ў касцёле раніцой малілася 800-900 чалавек, сярод іх шмат людзей сярэдняга і маладога ўзросту, а таксама каля 40 дзяцей. За прысутнасць дзяцей у касцёле ксяндзу Яну неаднаразова пагражалі зачыніць святыню, аднак дзякуючы Божай апецы касцёл не прыпыняў сваёй дзейнасці.

Уціск уладаў, знаходжанне ў сталінскім лагеры адбіліся на здароўі святара. Пасля перанясення аперацый і інфаркту 30 красавіка 1985 года яго сэрца спынілася. Развітацца са святаром прыязджалі людзі  не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з суседніх краін. Каля трох тысяч вернікаў праводзілі свайго пастыра ў апошні шлях. Самаахвярная праца ксяндза Яна не прайшла дарма. Яго ўласнае жыццё, душпастырская дзейнасць далі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця не аднаму пакаленню людзей. Добрая памяць пра святара трывае і сёння ў сэрцы тых, хто яго ведаў. Заахвочваем вернікаў аб малітве за душу святой памяці ксяндза Яна.

Паводле матэрыялаў летапісу мёрскай парафіі і кнігі В.Ермалёнка "Святыня над возерам".

Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by