Першыя ўспаміны пра існаванне драўлянага касцёла ў Дрысе (з 1962 года город носіць назву Верхнядзвінск — заўв. аўт.) адносіцца да 1734 года. У 1809 годзе быў пабудаваны каменны касцёл. Парафіяй спачатку апекаваліся дамінікане, а потым дыяцэзіяльныя святары. У 1941 годзе ў Дрысу даязджалі айцы марыяне і сёстры-эўхарысткі з Друі. Пасля вайны касцёл быў зачынены і паступова будынак пачаў разбурацца.
У 1989 годзе быў зарэгістраваны касцельны камітэт і парафія ў Верхнядзвінску, а святыню перадалі вернікам. Першым пасляваенным пробашчам стаў сальватарыянін а.Стэфан Пракурат SDS. У 1993-1994 гг. у Верхнядзвінск з Мёраў даязджаў ксёндз Уладас Пятрайціс. З сярэдзіны 1994 па верасень 2015 года парафіяй апекаваліся айцы-капуцыны, а з 6 верасня 2015 года па сённяшні дзень душпастырскае служэнне ў Верхнядзвінску нясе наш зямляк — ксёндз Аляксандр Грыцкевіч, які расказаў нашаму сайту пра парафію і юбілейную святыню.
Святар адзначыў, што парафія ў Верхнядзвінску хоць і вялікая тэрытарыяльна, аднак налічвае ўсяго каля 300 вернікаў. У нядзелю і святы касцёл наведвае прыкладна 50-70 чалавек. Дзяцей і моладзі няшмат, але ёсць літургічная служба алтара і свой невялікі парафіяльны хор.
Атрымаць званне юбілейнай святыні — гэта, вядома ж, гонар для любой парафіі, які патрабуе і пэўнай адказнасці. Пакуль значнага наплыву вернікаў у юбілейную святыню не назіралася. Хутчэй за ўсё таму, што паўночна-заходні накірунак у зімовы час не вельмі папулярны. У летні час чакаецца больш пілігрымаў.
Накіроўваючыся ў індывідуальную пілігрымку ў Верхнядзвінск, варта ўлічыць, што святыня звычайна адчынена толькі ў гадзіны цэлебрацыі святой Імшы (у панядзелак, сераду і пятніцу а 18-ай гадзіне, у астатнія дні, у тым ліку і нядзелю, а 10-ай гадзіне).
Нагадваем, што праз наведванне юбілейнай святыні, сакрамант пакаяння, падмацаванне святой Камуніяй і малітву ў інтэнцыях Святога Айца можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў, які таксама можна ахвяраваць за душы, якія церпяць у чысцы.
Жанна Закрэўская,
24.02.2025