У Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Найсвяцейшай Тройцы
12 чэрвеня ў вёсцы Новы Пагост Шаркаўшчынскага дэканату адбыўся фэст у гонар Найсвяцейшай Тройцы. На ўрачыстасць сабраліся святары з бліжэйшых парафій: Шаркаўшчыны, Мёр, Ідолта, а таксама мясцовыя вернікі. Узначаліў канцэлебраваную святую Імшу пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа з Шаркаўшчыны ксёндз Віктар Сініцкі SCJ.
Парафія ў Новым Пагосце, як і большасць вясковых парафій нашай дыяцэзіі, складаецца пераважна з людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Тым не менш, на свяце прысутнічалі дзеці і маладыя сем'і.
Адпустовая ўрачыстасць распачалася а 14-ай гадзіне ружанцовай малітвай, якую працягнула чэрвеньскае набажэнства. У гэты час вернікі змаглі скарыстацца магчымасцю прыступіць да сакраманту споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць удзел у Эўхарыстыі.

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Аляксей Асон прывітаў прысутных і прадставіў святароў, якія прыбылі на свята.
Казанне да вернікаў прамовіў канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч, які засяродзіў увагу на таямніцы Святой Тройцы.  Святар заўважыў: "У прыродзе шмат ёсць таямніцаў, якія мы не можам зразумець і растлумачыць, а што казаць пра таямніцу Божую.
<...> Святы Кірыл Ерузалімскі казаў так: "Сапраўды, Пана Бога зразумець складана, а для чалавека немагчыма. Гэта так, як убачыўшы рэчку, мы ўсведамляем, што выпіць яе не можам, але здольныя наталіць смагу. Калі мы бачым вялікі сад, то мы не можам спажыць усю садавіну, але можам насыціцца настолькі, каб нам не хацелася есці. Калі мы бачым сонца: вялікае, яркае і спякотнае, то не можам глядзець на яго без акуляраў, але калі будзем прымаць сонечныя ванны, атрымаем зарад энергіі і карысць для арганізма. Падобнае і з Панам Богам. Мы не можам агарнуць яго сваім розумам, але калі мы маем з ім еднасць, маем з ім кантакт, ён можа наталіць нас удосталь, калі сам ужо больш нічога не хочаш."


Разважаючы над таямніцай Святой Тройцы, ксёндз Віктар Місевіч адзначыў: "Бог ёсць Любоў і калі мы хочам трапіць у супольнасць дзяцей Божых, мы павінны жыць тут на зямлі ў любові. <...> Пагэтаму прыходзячы сёння ў касцёл мы памятаем не толькі пра нашы малітвы, пра сакрамант споведзі, што вельмі важна, але і пра заўтрашні дзень. Якімі мы будзем на працы, што скажа людзям, якіх сустрэнем і г.д."

"<...> Тут на зямлі мы маем з вамі заданне жыць так, каб нашае сэрца стала падобным да Хрыста"
падсумаваў ксёндз Віктар.
На заканчэнне святочнай літургіі перад Найсвяцейшым Сакрамантам супольна памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Тройцы, а потым у Эўхарыстычнай працэсіі прайшлі вакол касцёла.
Напрыканцы Ішмы пробашч парафіі ксёндз Аляксей Асон выказаў словы ўдзячнасці святарам за ўдзел у Эўхарыстыі і паслугу ў канфесіянале. Святар падзякаваў таксама ўсім вернікам, якія прычыніліся да падрыхтоўкі парафіяльнага адпусту.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by