Памаліліся на могілках за памерлых
Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых 31 кастрычніка святары разам з вернікамі памаліліся на гарадскіх  могілках.  Негледзячы на вільготнае надвор'е на набажэнствы сабралася шмат людзей, каб ушанаваць памяць сваіх родных і блізкіх.

А 10-ай гадзіне на старых парафіяльных могілках распачаліся набажэнствы, якія ўзначаліў ксёндз-пробашч Андрэй Кулік. Ля магілы былога пробашча мёрскай парафіі ксяндза Яна Грабоўскага традыцыйна маліліся за духавенства, бацькоў, родных, сваякоў і дабрадзеяў, за ахвяраў войнаў і загінуўшых у катастрофах, за ўсе душы, якія церпяць у чыстцы. Напрыканцы набажэнства за памерлых памаліліся адну таямніцу ружанца і праспявалі малітву "Анёл Панскі". На заканчэнне святар асвяціў магілы і новыя помнікі.

Набажэнствы за памерлых на новых парафільных могілках распачаліся святой Імшой. У сваёй гаміліі ксёндз-вікарый Аляксандр Дулінец адзначыў: "Калі адыходзяць у вечнасць нашы родныя і блізкія, мы часам шкадуем, што мала зрабілі для іх. Рэдка наведвалі бацькоў, мала часу ўдзялялі сваім блізкім...  Выправіць свае занядбанні перад тымі, каго больш няма сярод нас, мы ўжо не можам. Але мы маем цудоўную магчымасць дапамагчы ім сваёй малітвай. Найбольш дасканалай малітвай за памерлых з'яўляецца Эўхарыстыя. У актаву Усіх Святых, пры выкананні пэўных умоў, вернікі маюць таксама магчымасць атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душу, якая церпіць у чыстцы." 

Умовы адпусту: наведванне могілак,  адсутнасць усякай прыхільнасці да граху, нават паўсядзённага, стан асвячальнай ласкі (адсутнасць не адпушчанага цяжкага граху), прыняцце Святой Камуніі, малітва ў інтэнцыях Папы Рымскага («Ойча наш...», «Вітай, Марыя...», «Веру ў Бога...»). Гаворка не ідзе аб малітве за самога Святога Айца, хоць і такая малітва вельмі каштоўная. Малітва, звязаная з індульгенцыяй, павінна быць у інтэнцыі тых спраў, за якія штодня моліцца Папа.  Нагадваем, што ў гэтым годзе ў сувязі з каронавірусам на працягу ўсяго лістапада ёсць магчымасць атрымаць поўны адпуст для памерлых. Адпаведны дэкрэт Апостальскай пэнітэнцыярыі быў абнародаваны 23 кастрычніка 2020 г.

Пасля Імшы адбылася працэсія, якая традыцыйна складалася з пяці стацый. На кожнай з іх чыталіся малітва за памерлых: І стацыя — за духавенства, ІІ стацыя — за бацькоў і продкаў, ІІІ стацыя — за сваякоў і дабрадзеяў, IV стацыя — за ахвяраў войнаў і загінуўшых у катастрофах, V стацыя — за ўсіх памерлых і за душы, якія церпяць у чыстцы. 

 
Жанна Закрэўская
31.10.2020

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by