Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі...
5 сакавіка Папяльцовай серадой распачаўся Вялікі пост. Назва гэтага дня паходзіць ад абраду пасыпання галоў попелам, які сімвалізуе перамяненне, пакаянне і навяртанне. Святары прамаўляюць над вернікамі словы: “Ты – прах і ў прах вернешся” або “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Гэта нагадвае пра хуткаплыннасць чалавечага жыцця і заахвочвае да разважання над сваімі паводзінамі.
На святой Імшы а 18-ай гадзіне ксёндз Алег Зямчонак заўважыў, што распачынаючы ў чарговы раз Вялікі пост, мы імкнёмся рабіць разнастайныя пастановы, каб ад чагосьці адмовіцца і больш увагі знярнуць на духоўнае вымярэнне нашага жыцця. Сёння важна прыслухацца і задумацца над словамі псальма, які пачулі некалькі хвілін назад: "Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі" (Пс. 51 (50), 3а). Кожны вернік, які прамаўляе гэтыя словы, прамаўляе іх у пакоры, бо мае грахі.

На дарозе Вялікага посту вельмі важна ўгледзецца не толькі ў крыж Езуса Хрыста, які Ён нясе на Кальварыю, але і звярнуць увагу на свой уласны крыж. Чытаючы Святое Пісанне пра Муку Пана, разважаючы над падзеямі Крыжовага шляху, мы бачым, з якой пакорай Езус спаўняе волю Айца. А ці заўсёды з пакорай мы нясём свой крыж? Ці хапае нам сілы і мудрасці прыняць тое, што нам непрыемна і ад нас незалежыць?

Падчас Вялікага посту варта не толькі спыніцца і паглядзець на ўласны крыж, але распачаць перамену. Няхай праз сёлетні пост – свядомае адмаўленне ад рэчаў, якія адцягваюць нас ад духоўных спраў, кожны атрымае новыя сілы для таго, каб з пакорай далей несці свой жыццёвы крыж.
Жанна Закрэўская

05.03.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by