Магчыма, нешта нам цяжка даецца таму, што мы да канца не разумеем мэты. Ведаем, што трэба пасціць. Заахвочвае нас на гэтага літургічны перыяд Вялікага Посту, але чаму служыць гэтая духоўная практыка, да канца можам сабе не ўсведамляць. З гэтага бярэцца параза ўсіх нашых добрых пастановаў. Памятаючы яшчэ з катехезы, можам сказаць, што пост – гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў. Але спроба вытлумачыць, як ён дапамагае нам у духоўным развіцці, магла б напаткаць перашкоды.
Парады св. Тамаша Аквінскага
На шчасце, мы жывём у супольнасці Касцёла, дзе не мусім заставацца самі з нашымі клопатамі і сумненнямі. Заўсёды можам звярнуцца з пытаннем да іншага. І не толькі да таго, хто жыве цяпер, у нашыя часы. Мы можам чэрпаць з духоўнай крыніцы мудрасці тых, чый аўтарытэт пацверджаны Касцёлам і вытрымаў выпрабаванне часам. Адным з такіх аўтарытэтаў, да якога варта звяртацца, ёсць святы Тамаш Аквінскі. Ён хоць і жыў у ХІІІ стагоддзі, але дзякуючы сваёй шматбаковай цікаўнасці пакінуў пасля сябе працы, якія могуць, з невялікай папраўкай на стан актуальных ведаў, быць прыдатнымі ў нашым жыцці. І хоць навука ў галіне ведаў пра чалавека зрабіла вялікі крок, а некаторыя выказванні святога з Аквіну могуць нам здавацца незразумелымі і наіўнымі, чытаючы яго творы, толькі дзіву даешся, як тонка і мудра людзі разумелі рэчаіснасць, у якой жылі, як добра разумелі істоту чалавека, абапіраючыся толькі на свае назіранні і веды тых, хто разважаў у канкрэтным кірунку перад імі. Няхай гэты святы дапаможа нам па-новаму зірнуць на такую добра знаёмую практыку посту, якая можа дапамагчы нам упарадкаваць нашае жыццё.
Пра пост святы Тамаш Аквінскі разважае ў пытанні 147, у другой частцы сваёй шматтомнай працы “Сумы тэалогіі”. Трэба адразу адзначыць, што святы разважае пра пост у сэнсе ўстрымання ад ежы. Хаця і не выключае пераноснага значэння гэтага слова, якое азначае ўстрыманне ад усяго дрэннага, ад таго, што з’яўляецца прычынай граху. У сваёй асаблівай манеры ўпарадкавання ведаў святы Тамаш даследуе, ці пост увогуле ёсць чымсьці добрым, г. зн. ці з’яўляецца цнатлівым дзеяннем, якое дапамагае ўзрастаць нам у добрым. Адказаць на гэтае пытанне важна для адрознення посту ад, напрыклад, звычайнага голаду праз беднасць альбо ў нашыя часы ад дыетаў. Святы з Аквіну піша, што пост дапамагае нам дасягнуць патройнай мэты.
Тры мэты посту
Па-першае, упарадкаваць і ўсмірыць прагненні цела. Не трэба шмат пераконваць нас у тым, што кожны патрабуе панавання над сваімі часта супярэчнымі прагненнямі, якія перашкаджаюць у выкананні абавязкаў і планаў. Са з’явай адкладвання таго, што маем зрабіць, многія з нас знаёмыя не толькі ў тэорыі. Пост дапамагае загартаваць нашую волю, каб усё ж такі нашыя добрыя памкненні маглі ажыццявіцца.
Па-другое, пост мае служыць лепшаму сузіранню рэчаіснасці найвышэйшага ўзроўню. Не забывайма, што наша цела ўплывае на стан нашай душы і наадварот. Мы можам гэта ігнараваць, але чалавек створаны як цэласнасць душы і цела. Таму праз практыку посту можам дапамагчы нашай душы быць больш успрымальнай да духоўнай рэчаіснасці.
Нездарма гаворыцца пра спалучэнне посту з малітвай і міласцінай. Хто з нас у цяперашнія часы перад прыняццем нейкага важнага жыццёвага рашэння пачынае пасціць, каб больш дакладна ўбачыць, што трэба рабіць? Але мы маем добрыя ўзоры такога посту ў Святым Пісанні. Дастаткова ўзгадаць Даніэля, каралеву Эстэру, а ў Евангеллі – калі Езус ідзе ў пустыню ў пачатку свайго служэння, каб там пасціць.
Нарэшце, па-трэцяе, пост з’яўляецца пакутнай практыкай, якая мае кампенсаваць шкоду за ўчыненыя грахі. І гэта з’яўляецца момантам, якім не можам ахарактарызаваць мэту дыеты ці абмежавання ежы ў іншых нехрысціянскіх рэлігіях. Гэта дапамагае нам адрозніць іх ад сапраўднага посту.
Разумнасць посту
Святы Тамаш падкрэслівае, што пост мае быць згодны з розумам, гэта значыць, не можна назваць постам такога стану, калі чалавек становіцца няздольным выконваць сваю працу ці абавязкі. Крытэрыем таго, што пост з’яўляецца ўчынкам цноты, з’яўляецца разумовая пастанова чалавека пра ўстрыманне ад ежы, а значыць, усякі знешні прымус пазбаўляе пост яго значэння.
Пост, паводле святога Тамаша, належыць да цноты ўстрымання. Пытанне ў тым, ці мы хочам развіваць у сабе праз пост дзеянне гэтай ці нейкай іншай цноты. Цнота ўстрымання можа дапамагчы нам рухацца ў нашым жыцці вызначаным курсам, як карабель, якім капітан упэўнена кіруе, нягледзячы на зменлівасць ветру і надвор’я ўвогуле. Гэтая цнота найбольш актуальная ў цяперашнім моры інфармацыі і магчымасцяў, якія нам прапаноўваюцца.