Дайце, нябёсы, росы з вышыняў...
На вуліцы яшчэ ноч. Толькі-толькі пачалі з’яўляцца першыя агеньчыкі ў вокнах дамоў, а ў святыні з запаленымі свечкамі чакаюць сустрэчы з Панам Богам дарослыя і дзеці. У працэсіі на чале са святаром дзеці ідуць бліжэй да алтара, каб там, праз удзел у святой Імшы, ахвяраваць свае малітвы і час Панне Марыі, у знак падзякі за яе згоду стаць Маці Збаўцы.
Ля алтара зіхаціць раратная свечка або раратка. Раратка — гэта сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. Святая Імша на досвітку ў паўзмроку стварае асаблівы настрой радаснага чакання Нараджэння Збаўцы. Радасць перапаўняе душу яшчэ ад таго, што навокал ёсць дзеці. Яны ўпрыгожваюць сваімі спевамі літургію, шчыра моляцца і проста ахвяруюць свой час. Вядома, што кожны з іх мог бы яшчэ ляжаць у цёплым ложку, але яны выбралі больш карысны спосаб падрыхтоўкі да Нараджэння Пана.
У гэтым годзе ў нашай парафіі з’явілася ідэя стварыць Кнігу пастаноў, у якую кожны жадаючы, ананімна можа запісаць сваю пастанову на час Адвэнту. На жаль, пакуль у ёй толькі некалькі запісаў. Напэўна, не з-за таго, што нашы парафіяне не робяць пастановы, а проста саромеюцца іх запісаць, бо магчыма лічаць іх недасканалымі. Не мае значэнне, што падумаюць іншыя, прачытаўшы нашу пастанову (тым больш яна ананімная, падпісвацца не абавязкова), галоўнае, што мы афяруем гэта Пану Богу. Магчыма, для аднаго высілкам можа быць штодзённая малітва “Ойча наш”, бо ён моліцца толькі час ад часу, а для іншага – гэта таямніца або частка ружанца. У кагосьці не хапае сіл пасціць у пятніцу, а іншы здольны ахвяраваць некалькі дзён посту на працягу тыдня ў пэўнай інтэнцыі. Імкнуцца ўтаймоўваць сваю раздражнёнасць, памірыцца з суседам, мужам, жонкай, наведаць састарэлых бацькоў, прывесці іх да касцёла або запрасіць святара… Яшчэ ёсць час, каб ахвяраваць тое, што ў нашых сілах Пану Богу.
Нават калі ў Кнізе пастаноў больш не з’явіцца запісаў, яна ўжо на палову спісаная: больш чым 25-ць дзяцей прысутнічае на кожнай раратняй Імшы – гэта іх пастанова. Было б вельмі цудоўна, калі б бацькі або бабулі ці дзядулі, якія прыводзяць дзяцей, ад іх імя зрабілі запісы ў Кнізе пастаноў (можна з указаннем узросту), а старэйшыя дзеці могуць зрабіць гэта самастойна. Гэта быў бы добры прыклад для нас дарослых, якім павінна быць радаснае чаканне Нараджэння Пана.
Жанна Закрэўская
11.12.2020