Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету.
У Беларусь раратняя Імша прыйшла з Захаду, дзе была вядома ўжо ў XIII ст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання — Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу. Наш удзел у Раратах з’яўляецца прыгожай паставай чакання разам з Марыяй надыходу Збавіцеля.
У Касцёле існуе шэраг традыцый, якія спадарожнічаюць перыяду Адвэнту і Раратам. Элементы падрыхтоўкі да Божага Нараджэння старанна перадаюцца вернікамі з пакалення ў пакаленне. Нейкія з іх набылі нацыянальныя асаблівасці, нейкія застаюцца нязменнымі незалежна ад часу і месца.
Адной з такіх традыцый з'яўляецца лесвіца, якая ладзіца ў святынях або катэхетычным класе. Яна незвычайная, таму што ўяўляе зыход Бога з неба на зямлю. Сходы як бы адлюстроўваюць дні Адвэнту. На самым версе драбіны знаходзіцца Віфлеемская Зорка або фірура Маці Божай, унізе яслі, а на саміх сходах фігурка Дзіцяці Езуса, якая на працягу Адвэнту зыходзіць па сходах ніжэй і ніжэй, каб 25 снежня — у дзень Божага Нараджэння — з’явіцца ў яслях. Гэтая лесвіца як бы адлюстроўвае дні перыяду чакання, дапамагае верніку адчуць у сэрцы прыбліжэнне радаснага свята.