У гаміліі, разважаючы над словамі Евангелля паводле Мацвея: "Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене" (Мц 10, 28), біскуп Алег заахвоціў задумацца над каштоўнасцю зямнога жыцця. Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што для веруючага чалавека найбольшую вартасць мае менавіта жыццё духоўнае, а не фізічнае. Кожная вайна, кожнае насілле — гэта следства занядбання духоўным жыццём. Перад абліччам смерці благаслаўлёныя айцы марыяне імкнуліся ўмацаваць у духоўным жыцці вернікаў, якія былі побач з імі, каб яны не проста прайшлі праз браму смерці, а дасягнулі Божага валадарства.
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на месца мучаніцтва. Наперадзе мужчыны неслі вялізны крыж, за імі ішлі моладзь з паходнямі, святары і вернікі з запаленымі свечкамі ў руках. Узносячы словы Літаніі да ўсіх святых, усе разам прасілі аб заступніцтве для сябе і сваіх блізкіх.