WYSIWYG Web Builder
Сакрамант пакаяння і паяднання
Перажываем Адвэнт — час радаснага чакання на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста. Каб радасць сустрэчы была поўнай, неабходна прыняць Яго з чыстым сэрцам. Сакрамант пакаяння і паяднання дапаможа годна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Дзень споведзі ў нашай парафіі прызначаны на 16 снежня.
Мы ведаем, што споведзь адбываецца пры пэўных умовах. Існуе пяць умоў добрай споведзі: рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь, выкананне вызначанай пакуты.

Але як падрыхтавацца да гэтага сакраманту? Перш за ўсё, трэба ўсвядоміць, што споведзь – гэта не звычайная размова са святаром. Такая размова можа быць вельмі давяральнай, у ёй можна закрануць нейкія жыццёвыя сітуацыі, атрымаць парады, але сакрамант споведзі прынцыпова адрозніваецца ад простай гутаркі. Споведзь напоўнена глыбокім маральным сэнсам.

Каб падрыхтавацца да споведзі, найперш неабходна вельмі добра паразважаць над сваім жыццём альбо над тым пэўным часам, з якога вы жадаеце паспавядацца. Трэба ўсвядоміць свае грахі. Вядома, што існуе мноства падрыхтаваных рахункаў сумлення перад споведдзю, можна скарыстацца гэтым.

Разважаючы над выкананнем Божых запаведзяў, таксама можна падрыхтавацца да сакраманту споведзі, бо яны адлюстроўваюць Божую задуму адносна праведнасці і маральнасці чалавечага жыцця. Можна таксама перачытаць урывак Евангелля паводле Мацвея (Мц 5, 1-12), дзе Езус пералічвае тых, хто з’яўляецца бласлаўлёным, святым у пэўным сэнсе. А мы ведаем, што нашае жыццё і ёсць дарогай да святасці. І калі мы перачытваем гэты ўрывак, то знаходзім адказ на пытанні, што варта лічыць грахом.

Вельмі важна не зрабіць з сакраманту пакаяння простую фармальнасць. Трэба ўсвядоміць сабе, што ў момант споведзі я не сустракаюся з ксяндзом, які можа часам нават мне не падабацца, а сустракаюся з Богам у Яго вялікай Міласэрнасці.

Не трэба доўга разважаць пра тое, як сфармуляваць свае словы, каб назваць свой грэх правільна, выкарыстоўвайце звычайную і простую мову. Памятаеце, што Бог ведае пра нашыя грахі больш, чым мы самі. Галоўныя пытанні, якія неабходна закранаць на споведзі, павінны быць таксама прысвечаныя вашым адносінам з Богам і з бліжнім.

І ўрэшце, неабходна таксама зразумець, што мяняць сваё жыццё належыць яшчэ да споведзі. Сапраўднае пакаянне пачынаецца задоўга да споведзі і патрабуе вялікай духоўнай працы розуму і сэрца. Бо перш чым прасіць прабачэння ў Бога, папрасіце прабачэнне ў тых, каго вы пакрыўдзілі, а самі прабачце тым, хто пакрыўдзіў вас.

Паводле Сatholicnews.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by