Пасля адарацыі адбылася канферэнцыя «Да сустрэчы ў чыстцы», якую прамовіў пробашч парафіі ў Дзеркаўшчыне ксёндз канонік Валерый Орсік. Напачатку святар звярнуў увагу на тое, што такое чысцец і чаму мы павінны маліцца за душы чыстцовыя. Прамоўца падкрэсліў: "Чысцец — гэта не нейкае канкрэтнае месца, а стан душы".
Прыводзячы разнастайныя сведчанні містыкаў і святых, якія мелі візіі і асаблівую сувязь з душамі, якія церпяць у чыстцы, святар заўважыў, што малітва, цярпенне і апостальства з'яўляюцца найлепшымі сродкамі выбаўлення душаў з чыстца. Паводле містычкі Марыі Сіммы, душам чыстцовым можна дапамагчы ахвяраваўшы за іх святую Імшу, духоўныя і фізічныя цярпенні, святы Ружанец, Крыжовы шлях, адпусты, міласціну і добрыя ўчынкі, а таксама праз запальванне свечкі на могілках і ў касцёле, акрапленне асвечанай вадой.
Падводзячы вынікі канферэнцыі, ксёндз Валерый заахвоціў, каб “мы не стваралі чысцец у сваіх дамах праз непаслухмянасць, злосць, расчараванне, гнеў, ляноту і розныя грахі”.