Што мы ведаем пра святога Юзафа і чаму яго ўшаноўваем?
19 сакавіка ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла адзначаецца ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень кожны католік абавязаны прыняць удзел у святой Імшы.
Сярод святых, якія ў гісторыі збаўлення адыгралі значную ролю, асаблівым чынам адрозніваецца той, хто па волі Божай стаў Апекуном Збаўцы і Абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі — святы Юзаф з Назарэта. Нездарма ў 1870 годзе Папа Пій ІХ абвясціў яго Апекуном паўсюднага Касцёла.

Усе звесткі пра жыццё святога мы знаходзім у Евангеллі паводле Мацвея і паводле Лукі. Нягледзячы на тое, што іх зусім няшмат, менавіта Абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адной з найбольш значных постацяў у хрысціянстве. Па прафесіі ён быў цесляром, жыў і працаваў у Назарэце і быў заручаны з Марыяй.

Калі Яна зачала Сына, Юзафу ў сне была аб’яўлена таямніца гэтага Зачацця і даручана місія апекавацца Найсвяцейшай Паннай і Дзіцяткам. Мы бачым Юзафа пры Нараджэнні Збаўцы ў Бэтлеемскай пячоры, падчас Ахвяравання ў святыні, падчас уцёкаў у Егіпет, а таксама ў пілігрымцы ў Ерузалем разам з дванаццацігадовым Езусам і Яго Маці. Гэта апошняя згадка пра святога на старонках Евангелля, з чаго можна зрабіць выснову, што неўзабаве пасля гэтага ён памёр, хоць, магчыма, проста працягваў сціпла жыць у баку, што было ўласціва яго характару.

Каментуючы Евангелле паводле святога Мацвея, святы Ян Залатавусны падкрэсліў, што святы Юзаф як «чалавек справядлівы» быў «упрыгожаны ўсімі цнотамі», таму што «справядлівасць — гэта сукупнасць цнотаў». Акрамя таго, святы Ян Залатавусны захапляецца пакорлівасцю і паслухмянасцю святога Юзафа, а таксама яго даверам Богу.

Першым месцам на Захадзе, дзе пачалі адзначаць літургічны ўспамін святога Юзафа, стаў бэнэдыктынскі кляштар Райхенаў у Германіі, дзе ў ІХ ст. спыняўся святы Мятод, асветнік і евнгелізатар славянскіх плямёнаў. З таго часу днём успаміну святога Юзафа становіцца 19 сакавіка, што ў Мартыралогу падаецца як магчымы дзень яго смерці.
У Сярэднявеччы многія святыя звярталіся да асобы Абранніка Багародзіцы. Надзвычай важным прыкладам для хрысціянскай пабожнасці лічыла яго вялікая рэфарматарка Кармэлю святая Тэрэза ад Езуса.

У сярэдзіне XV ст. Папа Сікст IV увёў у Рымскім Касцёле свята ў гонар святога Юзафа, і паступова яго пачалі адзначаць па ўсёй Еўропе. У паўсюдным Касцёле яго зрабіў абавязковым Папа Грыгорый XVI у 1621 годзе, а пазней кармэліты атрымалі дазвол адзначаць таксама свята Апекі святога Юзафа ў Трэцюю нядзелю пасля Вялікадня.

Папа Пій ІХ зрабіў яго абавязковым для ўсіх, а ў 1870 годзе абвясціў святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла. У 1889 годзе Папа Леў ХІІІ выдаў энцыкліку Quamquam pluries, прысвечаную святому Юзафу.

У ХХ ст. адбываецца сапраўдны росквіт культу святога Юзафа. У 1909 годзе была зацверджана Літанія да святога Юзафа, і неўзабаве пасля гэтага Папа Пій Х зрабіў 19 сакавіка ўрачыстасцю святога Юзафа — Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, вызнаўцы і Апекуна паўсюднага Касцёла. Разам з тым свята Апекі святога Юзафа было перанесена на сераду пасля Трэцяй Велікоднай нядзелі, а ў 1955 годзе яго замяніў успамін святога Юзафа рамесніка, што адзначаецца 1 мая.

Папа Ян ХХІІІ у 1961 годзе абвясціў святога Юзафа Апекуном Другога Ватыканскага Сабору, а праз год дадаў яго імя ў Рымскі канон — Першую Эўхарыстычную малітву. З нагоды сотай гадавіны энцыклікі Льва ХІІІ і ў духу шматвяковага культу Папа Ян Павел ІІ у 1989 годзе абвясціў Апостальскую адгартацыю пра святога Юзафа пад назваю Redemptoris Custos — «Ахоўнік Адкупіцеля».

Дэкрэтам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 1 мая 2013 года ўспамін святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, быў дададзены таксама ў тэксты Другой, Трэцяй і Чацвёртай Эўхарыстычных малітваў.

Святы Юзаф быў абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў.

Паводле Сatholic.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by