Андрэй быў чалавекам, які шукаў, які падзяляў надзеі Ізраіля, які хацеў зблізку пазнаць Божае слова. Ён быў сапраўды чалавекам веры і надзеі. Менавіта ён як вучань Яна Хрысціцеля адкрыў у сваім сэрцы, што Езус – Той, хто павінен быў прыйсці. Зразумеў, што Ён з’яўляецца Месіем, Баранкам Божым, на якога ўказаў Ян. “Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень” (параўн. Ян 1, 39). Андрэй вельмі хутка стаў сапраўдным апосталам Хрыста. І хоць як першы пакліканы не адыгрываў пазней галоўнай ролі ў коле апосталаў, ад пачатку выдатна ведаў, што павінен весці іншых да Хрыста. Менавіта ён прывёў да Езуса свайго брата Сымона, а потым, падчас апостальскай місіі, – вялікую колькасць людзей.
У Евангеллі і ва ўсім Новым Запавеце мы не знойдзем шмат звестак пра св. Андрэя. Вядома, што ён быў рыбаком, братам Сымона Пятра, вучнем Яна Хрысціцеля, а затым апосталам Хрыста. Андрэй знаходзіўся побач з Госпадам, калі Ён учыніў першы цуд у Кане Галілейскай, быў тым, хто перадаў Езусу просьбу Філіпа аб дазволе язычнікам таксама ўбачыць Пана.
У іканаграфіі св. апостал Андрэй прадстаўлены ў выглядзе пажылога чалавека з густымі сівымі валасамі і пышнай кароткай барадой. Яго атрыбуты: Х-падобны крыж, кніга, рыба, сетка.