Вялікі пост — час пакаяння, ачышчэння і навяртання
2 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца своеасаблівы перыяд літургічнага года Вялікі пост. "Гэта не проста перыяд, які цыклічна паўтараецца, а імгненне ўнікальнае. Гэта Божая дапамога, якую трэба ахвотна прыняць. Езус праходзіць побач з намі і чакае ад нас  — сёння, цяпер — вялікай перамены...
Як найлепш распачаць Вялікі пост? Аднаўляйма веру, надзею, любоў. Гэта крыніца духу пакуты і жадання ачышчэння. Нельга заставацца на адным месцы. Трэба ісці наперад — гэта значыць узрастаць у святасці, адступіць назад — адмовіцца ад нармальнага развіцця ў сваім хрысціянскім жыцці. Сёння Вялікі пост ставіць нас перад фундаментальнымі пытаннямі: ці ўзрастаю я ў сваёй вернасці Хрысту; у імкненні да святасці; у апостальскай велікадушнасці майго штодзённага жыцця, маёй звычайнай працы сярод калегаў?" Словы святога Хосэмарыя Эскрыва, прамоўленыя 70 гадоў назад, надзвычай актуальныя сёння.

Як нам найлепш распачаць Вялікі пост? На гэта пытанне дае адказ Святы Айцец Францішак, які на Генеральнай Аўдыенцыі, якая адбылася 23 лютага ў ватыканскай Зале святога Паўла VI, звярнуўся з наступнымі словамі: "Запрашаю ўсіх зрабіць 2 сакавіка, Папяльцовую сераду, днём посту дзеля міру. Асабліва заахвочваю вернікаў, каб гэты дзень прысвяцілі руплівай малітве і посту. Няхай Валадарка супакою выратуе свет ад шаленства вайны".

Час Вялікага посту — гэта час пакаяння, якое  выражаецца  ў  шматлікіх  формах, найперш — праз малітву, пост, міласціну. Каб годна перажыць перыяд Вялікага посту заахвочваем вернікаў нашай парафіі да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага шляху, якія будуць праводзіцца кожную пятніцу ў 18.00 і кожную нядзелю ў 9.30, а таксама Песнях жальбы ў нядзелю ў 7.30 - на польскай мове, у 11.30 - на беларускай мове.  Таксама запрашаем да прыватнай і супольнай малітвы ў сваіх сем'ях аб міры і супакоі, аб павазе правоў і чалавечай годнасці, аб навяртанні.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by