WYSIWYG Web Builder
Вітраж святога Юзафа ўпрыгожыў нашу святыню
У канцы ліпеня ў нашым касцёле з’явіўся вітраж у гонар святога Юзафа. Сапраўдны твор мастацтва праз багатае зіхаценне святла не толькі ўпрыгожыў святыню, але надаў ёй новую эмацыянальную атмасферу ў інтэр’еры.
Вітраж (франц. vitrage ад лац. vitrum - шкло) – арнаментальная або сюжэтная кампазіцыя з каляровага шкла ці іншага матэрыялу, што прапускае святло.  Разлічаны на скразное асвятленне і прызначаны для запаўнення праёма, часцей за ўсё аконнага, у архітэктурным збудаванні.

Мяркуецца, што вітражы былі вядомыя ўжо ў старажытным Эгіпце і старажытным Рыме. У раннехрысціянскіх храмах вокны запаўняліся тонкімі празрыстымі пласцінамі каменя (алебастр, селеніт), з якіх складалі арнамент. Сюжэтыныя вітражы з’явіліся ў раманскіх храмах (Германія, Францыя).

У Беларусі вітражы знаёмыя з XV-XVI ст. (у капліцах фарнага касцёлу ў Наваградку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). У свой час вітражы ўпрыгожвалі і наш касцёл, аднак у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя былі страчаныя пры замене пашкоджаных вокнаў.
У 2015 годзе па ініцыятыве пробашча парафіі ксяндза Крыштафа Мянкіны на вокнах прэзбітэрыя былі ўстаноўлены вітражы з выявамі таямніц другой часткі Святога Ружанца – таямніцамі святла. Аўтарам вітражоў стаў віцебскі мастак Азат Тарасян.
Восенню таго ж года ў святыні з’явіўся чарговы вітраж у гонар галоўнага тытула касцёла – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аўтар праекта – мастак Уладзімір Кандрусевіч, майстра – Васіль Матусевіч.

Праз дзевяць гадоў, дзякуючы намаганням пробашча парафіі ксяндза Андрэя Куліка, работа па ўсталяванні вітражоў адноўлена. З мэтай захавання адзінага аўтарскага стылю ў аздабленні святыні, творчую рэалізацыю праекта зноў ажыццяўляе вядомы беларускі мастак Уладзімір Кандрусевіч.

Як расказаў нашаму сайту майстра праекта – мастак Максім Свістуноў, стварэнне вітража, гэта доўгі і крапатлівы працэс, які складаецца з некалькіх этапаў.
Першапачаткова мастак на звычайным аркушы паперы стварае эскіз будучага вітража і ажыццяўляе аўтарскі падбор палітры. Затым малюнак карэкціруецца з дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы з улікам магчымасці вырабу, апрацоўкі і злучэння пэўных элементаў вітража. Створаны макет друкуецца ў двух экзэмплярах у натуральную велічыню. Адзін з іх выкарыстоўваецца ў якаксці шаблона для нарэзкі шкла, другі служыць асновай для збору асобных элементаў.
Важным этапам з’яўляецца падбор шкла. Для вырабу вітража выкарыстоўваюць адмысловае шкло, якое адрозніваецца не толькі па колеры, але па сваёй таўшчыні і фактуры. Пасля нарэзкі кожны элемент шліфуюць і падганяюць на станку. Гатовыя шкельцы па краі абрамляюць меднай фольгай і раскладваюць на аснову (кальку). Паасобныя элементы спайваюць з дапамогай волава і пакрываюць пацінай. Такая тэхналогія стварэння вітража атрымала назву Тыфані, ад яе аўтара амерыканца Луі Тыфані. 

Пры старэнні сюжэтнага вітража не заўсёды ёсць магчымасць перадаць змест малюнка толькі з дапамогай рознакаляровага шкла. Часта выкарыстоўваецца маляванне пігментнымі фарбамі на шкле, якое потым загартоўваюць у спецыяльнай печы. Пасля тэрмічнай апрацоўкі малюнак становіцца ўстойлівым да знешніх уздзеянняў і не губляе свайго выгляду з часам.
Завяршаючы этап стварэння вітража – гэта яго зборка на месцы. Асобныя, вырабленыя загадзя блокі, надзейна прымацоўваюцца да рамы акна і новы вітраж радуе вока.

Работа па вырабу наступных вітражоў для нашай святыні працягваецца. Ахвотныя маюць магчымасць зрабіць свой унёсак у далейшую рэалізацыю праекта.

Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by