WYSIWYG Web Builder
Будзь нам Валадаром, Хрыстэ!
У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Сёлета яна прыпадае на 26 лістапада. Урачыстасць Хрыста Валадара ўстанавіў Папа Пій ХІ энцыклікай Quas Primas 11 снежня 1925  года.
Сваё рашэнне тлумачыў так: «Хрыстус валадарыць у розумах людзей не столькі праз глыбіню і ўсеабдымнасць  свайго ведання, колькі праз тое, што Ён сам з’яўляецца праўдай, а людзі павінны праўду чэрпаць і паслухмяна яе прымаць».

У нашым уяўленні слова «валадар» звязана з нейкім уладаром, што сядзіць на троне з каронаю на галаве, са скіпетрам у руцэ і багата ўбраны. Валадара акружаюць многія, адзіным абавязкам якіх з’яўляецца прыслугоўваць яму. Валадар павінен мець уладу. Валадар павінен мець дзяржаву. Чым большыя памеры дзяржавы, тым большая яго ўлада. Валадар без дзяржавы – гэта зусім не валадар.

Валадарства Хрыста – гэта іншае валадарства, чым тое, пра якое мы чулі. Валадарства Хрыста не знойдзеш ні на адной карце. Чаму? Бо Яго валадарства не з гэтага свету. Таму валадарства Хрыста не абапіраецца ні на чалавечую моц, ні на насілле і падман, ні на магутную армію, багацце ці вялізныя тэрыторыі. Валадарства Хрыста – гэта «валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою» (прэфацыя пра Езуса Хрыста, Валадара Сусвету). Незвычайнае гэта валадарства!

Бывае так, што зямныя валадарствы павялічваюцца праз войны і заваяванні, прыносячы смерць і знішчэнне. Колькі пры гэтым бывае несправядлівасці і чалавечай крыўды! Які шчодры тады пасеў нянавісці і спакусаў!

Пашырэнне Хрыстовага валадарства здзяйсняецца зусім іншым чынам. Здзяйсняецца яно не падманам і хітрасцю, але праз абвяшчэнне праўды пра Бога, які нас любіць, пра Езуса Хрыста, нашага Збаўцу і Пана, а таксама пра чалавека, слабога і грэшнага, і ў той жа час адкупленага і пакліканага да жыцця ў святасці. Валадарства Хрыста — гэта валадарства не смерці, але валадарства жыцця. Якога жыцця? Найперш Божага жыцця, якое павінна прынесці плён жыцця вечнага.

Валадарства Хрыста несумяшчальнае з грахом, злом і спакусамі. Яно – валадарства святасці і ласкі. Таму, чым больш у табе святасці і ласкі, тым больш ты садзейнічаеш узмацненню Хрыстовага валадарства. Найважнейшаю рысаю Хрыстовага валадарства з’яўляецца любоў.

Кожнае зямное  валадарства прамінае, кожная зямная моц знікае, а Хрыстус Валадар жыве, і ўсё ў Ім  існуе. Ён валадарыць не загадамі і законамі, а любоўю. Таму Езус прагне, каб усе былі ў Яго Валадарстве і Сваім Словам уводзіць у яго таго, хто шчыра навяртаецца.  Хрыстус Валадар цярпліва чакае кожнага з нас на Крыжы, каб мы пачалі прагнуць Яго Кіравання.

Мы добра ведаем заклік: «Будзь нашым Валадаром, Хрыстэ!». Няхай гэта будуць не пустыя словы. Колькі разоў  ты адкідваеш нянавісць і выбіраеш любоў, столькі разоў не вуснамі, але чынам гаворыш: «Будзь нашым  Валадаром,  Хрыстэ!».

Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара асаблівым чынам моляцца за міністрантаў, якія служаць пры алтары, таксама ў гэты дзень у парафіях збіраюцца ахвяраванні на духоўныя семінарыі.

Паводле Dialog1994.by

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by