Сёння вернікі ў Шаркаўшчыне маюць прыгожы і велічны храм, які пабудаваны на вякі. Аднак у сэрцах старэйшага пакалення яшчэ жыве памяць пра разбураную драўляную святыню, ад якой дзякуючы Божаму провіду і намаганням вернікаў цудам захавалася стацыя Крыжовага шляху, а макет і фотаздымкі былога драўлянага касцёла даюць магчымасць уявіць, як ён выглядаў.
Уводзінамі ў святкаванне ўрачыстасці стаў невялікі гістарчыны экскурс пра новую святыню, будаўніцтва якой у 1992 годзе распачаў ксёндз Юзаф Булька. Пад яго кіраўніцтвам быў закладзены фундамент будучага касцёла, а затым усімі будаўнічымі працамі кіраваў ксёндз Крыштаф Сілкоўскі SCJ, які 8 чэрвеня 1992 г. быў прызначаны пробашчам у Шаркаўшчыну. Дзякуючы намаганням святара і актыўнай падтрымцы вернікаў у свята Узвышэння Святога Крыжа 14 верасня 1996 г. касцёл быў асвечаны кардыналам Казімірам Свёнткам. З таго часу парафіяне штогод збіраюцца на ўрачыстасць каб аддаць пашану Крыжу Збаўцы і падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі.
Як адзначылі прадстаўнікі касцёльнага камітэту, да сёлетняй святочнай падзеі парафія рыхтавалася на працягу пэўнага часу. Быў праведзены касметычны рамон храма, замененыя старыя вокны на шклопакеты, пакладзена плітка, добраўпарадкавана тэрыторыя, зроблена шмат іншых спраў, каб святыня не толькі выглядала ўтульна і прыгожа, але сапраўды стала домам малітвы для вернікаў.