WYSIWYG Web Builder
35 гадоў таму выйшаў першы нумар парафіяльнай газеты "Голас душы"
У лютым 1991 года ў Наваполацкай узбуйненай друкарні выйшаў першы нумар газеты "Голас душы". Газета мёрскай парафіі, ініцыятарам стварэння якой быў тагачасны пробашч ксёндз Уладас Пятрайціс, стала першым беларускамоўным выданнем Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Парафіяльная газета "Голас душы" ў пачатку 90-ых гадоў дваццатага стагоддзя стала для многіх вернікаў глытком чыстай вады ў пазнанні вучэння Каталіцкага Касцёла. Даступныя для разумення тэксты малітваў, ёмкія і павучальныя артыкулы пра праўды веры, рэпартажы з жыцця мясцовага Касцёла і сёння актуальныя і чытаюцца з цікавасцю. Рэалізаваць прагрэсіўную і амбіцыйную ідэю святару дапамагла пісьменніца Ірына Жарнасек. Прапануем вашай увазе міні-інтэрв'ю аб дзейнасці газеты "Голас душы".

Ірына Францаўна, раскажыце як ўсё пачыналася?

Наша знаёмства адбылося 3 лістапада 1990 года ў Полацку. У той дзень у Полацку ладзілася шэсце і асвячэнне крыжа ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Полаччыне. Ксёндз Уладас прыехаў па запрашэнні арганізатараў гэтага мерапрыемства, каб разам з праваслаўнымі святарамі з Полацка асвяціць крыж у Бельчыцы. Тады, пасля асвячэння крыжа, я і асмелілася падысці да яго. Так мы пазнаёміліся.

Калі ксёндз Уладас пачуў, што я працую ў Наваполацкай гарадской газеце «Хімік», ён адразу сказаў, што вельмі хацеў бы выдаваць газету, але не мае чалавека, які б раздзяліў з ім гэтае жаданне. Я паабяцала падумаць… Так нарадзіліся наша супрацоўніцтва і сяброўства.

Адкуль узнікла назва газеты?

Калі мы з ксяндзом Уладасам абмяркоўвалі будучае выданне, вядома ж зайшла размова і пра назву. Я, між іншым, прапанавала назваць яе "Голас душы" — так называўся малітоўнік, які быў выдадзены на беларускай мове яшчэ ў пачатку ХХ-га стагоддзя. Ксёндз Уладас мяне падтрымаў, так і з'явілася назва газеты.

Цікавая гісторыя звязана са стварэннем лагатыпу газеты (лагатып — назва выдання, якое выканана адмысловым шрыфтам і з'яўляецца своеасаблівым таварным знакам - заўв. аўт.). Каб распрацаваць лагатып, я звярнулася да знаёмай мастачкі, якая з энтузіязмам узялася за справу і намалявала даволі прыгожы лагатып, аднак ён не пасаваў да рэлігійнага выдання. Я не ведала як быць і вырашыла параіцца са сваім калегам, маім сябрам і прафесійным фатографам Эрнэстам Цецярэўскім. Калі ён ўбачыў прапанаваны лагатып, то пагадзіўся, што нам для газеты сапраўды неабходна нешта іншае. Сказаў, што паспрабуе зрабіць эскіз, а праз дзве гадзіны прынёс мне лагатып з яшчэ вільготнай тушшу. Падаючы ліст сціпла прамовіў: "Гэта яшчэ трэба дапрацаваць мастаку". Аднак дапрацоўкі не спатрэбілася, бо выразны, напісаны ў гатычным стылі, лагатып у поўнай меры адпавядаў ідэі будучага выдання.

Хто працаваў над газетай і як праходзіла праца па выпуску нумароў?

Ксёндз Уладас меў добрую ідэю, але не быў спецыялістам у газетнай справе. Таму гэтая функцыя цалкам лягла на мае плечы. Мы разам абмяркоўвалі тэматыку і змест нумароў. Некаторыя артыкулы пісаў сам святар, астатнія матэрыялы рыхтавала я. Асобныя пытанні мы абмяркоўвалі па тэлефоне або збіраліся разам, каб вырашыць неабходныя моманты. Я жыла ў Наваполацку і часам даязджала разам з Эрнэстам Цецярэўскім у Мёры. Захаваўся нават фотаздымак адной такой працоўнай сустрэчы. Дарэчы, фотаматэрыялы Эрнэста Цецярэўскага часта суправаджалі артыкулы, якія друкаваліся ў газеце.
Газета "Голас душы" выходзіла на беларускай мове, а ксёндз Уладас прыехаў з Літвы, ці ўзнікалі моўныя цяжкасці падчас працы над выданнем?

Калі мы толькі пазнаёміліся, ксёндз Уладас адразу з вялікай прыхільнасцю ставіўся да беларускай мовы, ужываў яе ўжо ў набажэнствах. Але ў жыцці сам ёю карыстаўся мала, не ведаў яшчэ яе настолькі, каб вольна размаўляць. Таму ён размаўляў па-расейску. Я аднойчы сказала, што гэта няправільна: маўляў, выдаём газету па-беларуску, а галоўны яе арганізатар не валодае дасканала мовай. Ксёндз Уладас пабедаваў, згадзіўся, паўздыхаў. Тады я і сказала, што калі ён не пачне ўсур’ёз вучыць мову, каб вольна ёю карыстацца, то ў мяне можа прапасці жаданне рабіць газету. Гэта была, можна сказаць, жартаўлівая правакацыя з майго боку. І што ж на гэта ксёндз Уладас? Ён проста пачаў усур’ёз вучыць мову, прасіў знаёмых і сяброў, каб размаўлялі з ім па-беларуску. У выніку ён вывучыў мову вельмі хутка, можна сказаць, на вачах. Пазней ён са смехам часта згадваў гэтую маю правакацыю і… дзякаваў за яе, бо яна дапамагла яму хуткім тэмпам вывучыць беларускую мову.

Газета выходзіла тыражом у 500 экзэмпляраў, што даволі шмат для адной парафіі. Ці распаўсюджвалася газета ў іншых месцах?


Газета "Голас душы" распаўсюджвалася не толькі сярод мёрскіх парафіянаў. Ксёндз Уладас браў яе з сабой, калі ехаў у іншыя парафіі. У хуткім часе пра выданне даведаліся вернікі з Мінска, Гродна і іншых месцаў. Мы нават дасылалі газету тым, хто прасіў аб гэтым. На жаль, з-за фінансавай нестабільнасці выйшла ўсяго толькі восем нумароў і выданне спыніла сваю дзейнасць.

Выданне існавала выключна на інтузіязме і ахвяраванні вернікаў?

Так, усе ахвяраванні вернікаў ішлі на аплату паслуг друкарні, а мая праца і дапамога калегі-фатографа з'яўляліся добраахвотнай справай. Ксёндз Уладас разумеў, што любая праца, у тым ліку дабраахвотная, заслугоўвае ўзнагароды, і пры нагодзе знайшоў спосаб нам адудзячыць. Калі ён арганізоўваў пілігрымку мёрскіх парафіянаў на сустрэчу з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ у чэрвені 1991 года ў Беластоку, то запрасіў нас з калегам далучыцца да пілігрымкі, пры гэтым вызваліў ад выдаткаў звязаных з падарожжам. Гэта пілігрымка стала не проста формай удзячнасці, але найлепшым падарункам для нас.

Увогуле ад нашага супрацоўніцтва з ксяндзом Уладасам Пятрайцісам па выпуску газеты "Голас душы" захаваліся вельмі цёплыя і прыемныя ўспаміны. Выданне мела свайго чытача і было запатрабаваным, а гэта асноўная ўзнагарода ў любой справе — бачыць плён сваёй працы.

Гутарыла Жанна Закрэўская

07.02.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by