13 красавіка 2026 года ў 12.00 у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі будзе цэлебравацца святая Імша з нагоды 35-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама аднаўлення колішняй Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ў выглядзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і новай Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Узначаліць святую Імшу арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Крыху гісторыі
Святы Ян Павел ІІ рабіў па-чалавечы ўсё магчымае і немагчымае для таго, каб вернікі былога Савецкага Саюза атрымалі свабоду веравызнання. Ён верыў у фацімскае прароцтва аб навяртанні нашых земляў.
У фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года ён заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская дыяцэзія на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і Пінская на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей.