Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў.
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1962 г. Тадэвуш Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год павінен быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродне, у 1964 г. паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які ў 1970 г. скончыў на «выдатна» і атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».
У 1976 г. Тадэвуш Кандрусевіч адчуў пакліканне да выключнага служэння Богу і паступіў у Духоўную семінарыю ў Коўне (Каўнас, Літва), якую скончыў у 1981 г. і 31 мая таго ж года прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.
Там пазнаёміўся з Уладасам Пятрайцісам. Успамінамі пра былога пробашча мёрскай парафіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся падчас святой Імшы ў 10-ую гадавіну з дня адыходу ў вечнасць ксяндза Уладаса (9 мая 2022 г.).