Праект Imsha.by — актуальны расклад Імшаў у парафіях Беларусі
Ужо пяць гадоў у Беларусі рэалізуецца ўнікальны каталіцкі валанцёрскі IT-праект Imsha.by. У пачатку кастрычніка гэтага года арганізатары праекта паведамілі, што колькасць ахопленых сістэмай парафій стала больш за сотню. Нягледзячы на працяглы перыяд існавання ініцыятывы, яшчэ далёка не ўсе ведаюць, што гэта такое.
Праект Imsha.by займаецца развіццём сістэмы, праз якую можна знайсці актуальны расклад святых Імшаў у розных касцёлах Беларусі. Першапачаткова аўтары праекта разлічвалі стварыць інфармацыйны рэсур аб часе цэлебрацыі святых Імшаў у каталіцкіх святынях Мінска, аднак у ходзе рэалізацыі ініцыятывы ўзнікла ідэя распрацаваць адзіную сістэму, у якой можна даведацца дакладны расклад Імшаў у любой парафіі нашай краіны. Гэта даволі зручна для тых, хто накіроўваецца ў падарожжа або камандзіроўку ў іншае месца і жадае прыняць ўдзел у Эўхарыстыі.

Ажыццяўленне праекта стала магчымым дзякуючы камандзе аўтараў-энтузіястаў, а таксама валанцёрам з розных парафій Беларусі. Інфармацыя аб часе святых Імшаў штотыдзень абнаўляецца валанцёрамі, якія абавязкова павінны належыць да парафіі, якую яны курыруюць. Таму на рэсурсе Imsha.by заўсёды самыя актуальныя звесткі. Вядома, што дакладнасць інфармацыі, якую падае валанцёр, залежыць выключна ад яго, таму арганізатары ініцыятывы прадугледзелі шэраг механізмаў, каб прадухіліць магчымасць памылкі. Вынік: інфармацыі на сайце Imsha.by можна давяраць на 99 адсоткаў (чалавечы фактар, заўсёды можа мець месца).

Так як прает увесь час пашыраецца, арганізатары актыўна шукаюць новых валанцёраў, якія змогуць размяшчаць інфармацыю аб часе правядзення святых Імшаў у сваёй парафіі. На сённяшні дзень на сайце Imsha.by ёсць звесткі пра час святых Імшаў у трох парафіях Мёрскага дэканату: Дзісна, Ідолта (касцёлы ў Ідолта і Мілашова) і Мёры. Заахвочваем вернікаў іншых парафій стаць валанцёрамі. Для гэтага не трэба мець нейкія своеасаблівыя навыкі ў ІТ-тэхналогіях, бо каманда праекта ўвесь час працуе над тым, каб было як мага прасцей працаваць у сістэме. Дастаткова ўласнага жадання і 2-3 хвіліны часу ў тыдзень для актуалізацыі звестак.  Каб стаць валанцёрам, трэба прайсці па спасылцы СТАЦЬ ВАЛАНЦЁРАМ на сайце Imsha.by і выканаць неабходныя ўмовы.

Жанна Закрэўская, паводле каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by