Вечны адпачынак дай памерлым Пане…
“Пасля малітвы пра навяртанне  грэшнікаў малітва пра вызваленне з чыстца з’яўляецца найбольш мілай Богу” св. Ян Марыя Віяней.
У пачатку лістапада Каталіцкі Касцёл перажывае актаву Усіх Святых. Гэты час прысвечаны асаблівай памяці пра ўсіх памерлых вернікаў і малітве за іх.

Урачыстасць Усіх Святых, якая адзначаецца 1 лістапада, была ўстаноўлена ў 835 годзе папам Грыгорыем IV. У гэты дзень увесь свет аддае пашану ўсім святым і благаслаўлёным, якія праз сваё мужнае жыццё заслужылі вечнае шчасце ў небе. Малітвы да іх выражаюць нашыя просьбы аб заступніцтве перад Богам, дапамозе ў вытрываласці і апецы для нас і нашага Касцёла. Вернасць і адданасць усіх святых Богу, з’яўляецца для нас прыкладам у фарміраванні нашага жыццёвага паклікання, а іх малітвы – абаронай  у штодзённай барацьбе са злом.

2 лістапада – успамін усіх памерлых вернікаў (дзень задушны). Ён быў уведзены ў літургічны каляндар у X ст., прыпамінае нам аб патрэбе малітвы за душы, якія пасля смерці былі асуджаны Богам і цяпер пакутуюць за свае правіны ў чысцы. Душы, якія церпяць у чыстцы, самі сабе дапамагчы не могуць. Цярпенне – іх адзіная малітва і спосаб, дзякуючы якому яны набліжаюцца да вечнай радасці збаўленых у небе. Абавязкам жывых з’яўляецца прыйсці да іх на дапамогу. “Наша малітва за памерлых не толькі можа ім дапамагчы, але таксама садзейнічае таму, што іх заступніцтва за нас становіцца больш дзейсным” (ККК 958)

У актаву Усіх Святых мы кожны вечар збіраемся ў нашым касцёле, каб маліцца Нешпарамі за тых, хто ўжо адыйшоў да Пана. Падчас набажэнства чытаюцца выпамінкі (карткі з імёнамі тых, за каго хочам памаліцца падаюцца ў сакрыстыю да 1 лістапада. Імёны пішуцца разборліва ў назоўным склоне).

На працягу актавы святары наведваюць могілкі і маляцца за памерлых. Вернікам неабходна загадзя навесці належны парадак на магілах сваіх блізкіх. Хрысціянскім учынкам міласэрнасці з’яўляецца таксама догляд за магіламі тых, аб кім няма каму клапаціцца.

Ва ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы, якія пакутуюць у чыстцы. Для гэтага трэба прыняць удзел у святой Імшы, быць у стане асвячальнай ласкі і прыняць Святую Камунію, памаліцца «Ойча наш» і «Веру ў Бога», а таксама памаліцца ў намерах Святога Айца. Адпуст можна ахвяраваць за душу аднаго памерлага: адзін дзень — адзін адпуст.

З 1 па 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст за наведванне могілак, выканаўшы таксама вышэй апісаныя ўмовы. У іншыя дні на працягу года за наведванне могілак і малітву можна атрымаць частковы адпуст. У сувязі з пандэміяй сёлета на працягу ўсяго лістапада будзе магчымасць атрымаць поўны адпуст для памерлых вернікаў. Адпаведны дэкрэт Апостальскай пэнітэнцыярыі быў абнародаваны 23 кастрычніка 2020 г.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by