Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі!
Пад такім дэвізам з 9 па 12 кастрычніка айцы-рэдэмптарысты Віктар Бохан і Эдвард Пяцельчыц правялі ў нашай парафіі аднаўленне Святых Місій. На працягу чатырох дзён, кожны з якіх быў прысвечаны пэўнай тэматыцы, святары звярталіся да вернікаў з навукай місійнай, ладзілі сустрэчы і малітоўныя чуванні. Усё гэта дзеля таго, каб аднавіць у нас прагу да евангельскай дасканаласці.
У першы дзень, звяртаючыся з прывітальным словам да парафіянаў, айцец Віктар Бохан CSsR адзначыў: "Час аднаўлення Святых Місій — гэта не толькі магчымасць аднавіць уласныя пастановы і ачысціць сваё сэрца, але і нагода для нашага рэлігійнага ўзрастання і развіцця, найперш праз слуханне Слова Божага і разважанне над ім."

Святая Імша распачалася з запальвання пасхала сімвала асаблівай прысутнасці Езуса Хрыста Змёртвыхпаўсталага. Затым, каб аднаўленне Місій было плённым і перамяніла нашыя сэрцы, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік ад імя ўсёй супольнасці склаў малітву-перапрашэнне да Духа Святога.
Падчас навукі місійнай айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR, разважаючы над словамі Евангелля, заахвоціў вернікаў адказацца ад уласнага эгаізму і навучыцца дзякаваць Пану Богу і бліжняму за ўсе ласкі, якія мы маем. "Мы часта ў нашым жыцці адчуваем знакі Божай прысутнасці, якія ўспрымаем пераважна на двух узроўнях. Першы — гэта тое, што Пан Бог кажа да мяне. Аднак больш важны другі ўзровень — як я звяртаюся да Усемагутнага. Ці я толькі прашу аб дапамозе, неабходных ласках, ці ўсё ж дзякую Пану Богу за Яго прысутнасць у маім жыць і ўсё тое, што Ён спасылае. <...>Калі мы ўсвядомім, як важна быць удзячнымі, тады сапраўды спазнаем Божую любоў."
Пасля святой Імшы адбылося спатканне для бацькоў. Айцец Эдвард CSsR адзначыў, што неабходна вучыцца будаваць адносіны ў сям'і паводле прынцыпаў сямейнага жыцця, якія апостал Павел узгадвае ў пасланні да Эфесцаў (Эф 5, 22-33, 6, 1-4). Для дзяцей важным з'яўляецца прыклад рэлігійнага жыцця іх бацькоў. Асаблівую моц мае супольная малітва, як надзейны і надзвычайны сродак у вырашэнні любых сямейных праблем.
"Вучыцца паважаць адзін аднаго, бачыць праблемы і цяжкасці іншага, перапрашаць за ўласныя памылкі і дзякаваць за кожны разам пражыты дзень — вось крокі, якія мы павінны рабіць кожны дзень, каб захаваць і ўмацаваць свае сем'і" — падкрэсліў святар.
Малітва хрысціяніна
Другі дзень аднаўлення Святых Місій быў асаблівым чынам прысвечаны малітве і яе ролі ў жыцці кожнага веруючага чалавека. У гэты дзень а 16-ай гадзіне ў катэхетычнай зале адбылася сустрэча місіянераў з дзецьмі. Спатканне распачалося супольнай малітвай, пасля якой уславілі Бога спевамі.

Падчас сустрэчы айцец Віктар Бохан CSsR асаблівым чынам засяродзіў увагу дзяцей на малітве "Ойча наш". Святар заахвоціў задумацца над тым, чаму Пан Езус хоча навучыць нас праз гэтую малітву. Выкарыстоўваючы вобраз заблукалай авечкі Зосі, айцец Віктар раскрыў важнасць прысутнасці Добрага Пастыра, якім з'яўляецца Езус Хрыстус, у жыцці кожнага веруючага чалавека на яго шляху да святасці.
Больш глыбока тэма малітвы была раскрыта на святой Імшы падчас навукі місійнай. Айцец Віктар CSsR адзначыў: "Малітва — гэта спадканне з Панам Богам. Гэта кожная хвіліна, якую мы праводзім кіруючы нашыя думкі, нашыя сэрцы, нашыя эмоцыі і пачуцці да Усемагутнага Бога. Сучасны чалавек, часта скардзіцца на тое, што не мае часу на малітву. Часам гэта бывае проста адгаворкай, бо не ведаем, што сказаць, аб чым спытаць... Каб адчуць глыбіню малітвы, трэба ўсвядоміць: "Чаму мы молімся?" Адказ знаходзім у Евангеллі, праз прыклад Езуса Хрыста, які навучыў сваіх вучняў малітве "Ойча наш". Гэтая простая і адначасова вельмі глыбокая малітва вядзе нас дарогай збаўлення."

"Якім бы насычаным не было наша жыццё, мы павінны знаходзіць на працягу дня час, каб сказаць важныя і шчырыя словы Пану Богу: "Я цябе люблю..."
— падсумаваў святар.

Пасля Імшы адбылося набажэнства за памерлых. Асаблівым чынам узгадалі тых, хто адыйшоў у вечнасць у гэтым годзе. Запаліўшы ад пасхала свечкі, родныя і блізкія спачылых узносілі малітву да Бога аб дараванні грахоў і вечнай радасці ў небе іх душам.
Завяршыўся другі дзень аднаўлення Місій Марыйным заклікам. У паўзмроку, з запаленымі свечкамі ў руках, вернікі ўзносілі спевы і малітвы да сваёй Нябеснай Маці.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса
Трэці дзень аднаўлення Місій асаблівым чынам быў прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Святая Імша распачалася з акраплення вернікаў, якія трымалі ў руках прынесеныя з сабой абразкі Сэрца Езуса, святой вадой.

Падчас навукі місійнай айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR засяродзіў увагу на тым, што Сэрца Езуса з'яўляецца сімвалам бязмежнай любові Бога да чалавека. "Пан Езус аддаў сваё жыццё на крыжы за кожнага з нас. Яго любоў да чалавека канкрэтная і дасканалая. Бо любоў — гэта не яркія жэсты і эмоцыі, гэта заўсёды ахвяра, жаданне аддаваць сябе цалкам таму, каго любіш. Сэрца Езуса паказвае нам, што любоў дзейсная, яна пастаянна патрабуе развіцця, таму мы павінны ўвесь час узрастаць у любові да Бога і бліжняга" — адзначыў святар.

Пасля Эўхарыстыі святары разам з вернікамі здзейснілі Акт прысвячэння парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а затым адбылося бласлаўленне сем'яў Найсвяцейшым Сакрамантам. Каля дваццаці сужэнскіх пар нашай парафіі прыйшлі ў гэты дзень на набажэнства, каб атрымаць гэты своеасаблівы дар для сваёй сям'і.
Пасля святой Імшы а 18-ай гадзіне прайшло спатканне для моладзі. Айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR заахвоціў маладых людзей не забывацца ў сваім штодзённым жыцці пра сустрэчу з Панам Богам. Святар падкрэсліў, што ёсць два месцы, дзе мы заўсёды можам спаткаць Бога — гэта Святое Пісанне і сакраманты. Менавіта праз сакраманты і слуханне Слова Божага веруючы чалавек узрастае ў любові і набліжаецца да свайго Стварыцеля.
А 21-ай гадзіне вернікі сабраліся на Марыйны заклік. Дзеці, моладзь, людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту дзяліліся святлом Хрыста, узносілі Ружанцовую малітву і песні падзякі на хвалу Маці Божай.
Жыццё з веры
Апошні дзень аднаўлення Місій быў асаблівым чынам прысвечаны тэме "Веры". Падчас навукі місійнай айцец Віктар Бохан CSsR падкрэсліў: "Місіі не завяршаюцца. Спатканні так, але місія не. Бо наша місія ісці за Езусам Хрыстом, ісці ў нашу штодзённасць. Наша жыццё складаецца не са святаў, а са звычайных дзён, у якіх ёсць моманты, калі мы перажываем веру, сваё спадканне з Езусам. Там дзе ёсць Езус, там няма суму. Там ёсць радасць і надзея — гэта паказвае нам наша вера. І мы павінны нястомна паглыбляць веру, а гэта значыць — нашу блізкасць да Бога".

Напрыканцы сустрэчы святар заахвоціў: "Імкніцеся не страчваць упэўненасці, якую дае нам вера — Бог ёсць Любоў! Гэта вера дае нам надзею, прыносіць супакой, усяляе пачуццё бяспекі, што калі мы трываем у веры, то нам нічога не страшна, бо Бог ёсць Любоў!"
Пасля святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці айцам-рэдэмптарыстам за праведзеныя Місіі. Да яго слоў далучыліся вернікі, якія падкрэслілі важнасць і духоўны плён усіх набажэнстваў і сустрэч, якія ладзіліся на працягу гэтых дзён.

У сваю чаргу айцец Віктар Бохан CSsR падзякаваў пробашчу парафіі кс. Андрэю за запрашэнне на аднаўленне Місій, службе алтара за паслугу падчас Эўхарыстыі, парафіяльнаму хору і яе кіраўніку Яўгеніі Баговіч за музычнае аздабленне Літургіі і іншых набажэнстваў. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас вернікаў, якія прынялі ўдзел у аднаўленні Місій.

Завяршылася імпрэза ўдзяленнем бласлаӯлення з поӯным адпустам. Яго мелі магчымасць атрамаць тыя, хто штодня ўдзельнічаў у набажэнствах па аднаўленні Святых Місій і ачысціў сваё сэрца праз сакрамант пакаяння.

Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by