Рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі: адпуст – не фармальнасць
Апостальская пэнітэнцыярыя выдала дэкрэт, які дае вернікам поўны адпуст на працягу Года святога Францішка, што адзначаецца з нагоды 800-годдзя смерці святога з Асізі. Пра галоўныя пункты дакумента распавёў рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі біскуп Кшыштаф Нікель.
Што такое поўны адпуст і для каго ён прызначаны?

У размове з ватыканскімі СМІ іерарх нагадаў, што “адпуст – гэта канкрэтнае праяўленне Божай міласэрнасці, якое пераўзыходзіць межы чалавечай справядлівасці”. Жыццё святога Францішка, як дадаў рэгент, “паказвае, што Божая міласэрнасць дзейнічае ў гісторыі таксама праз людзей, якія адкрываюць свае сэрцы на Яго дзеянне”. Адпуст як Божае прабачэнне часовых караў за наступствы раней адпушчаных грахоў “вызваляе сэрца ад цяжару граху”.

Як адзначыў біскуп Нікель, адпуст можа атрымаць кожны вернік, а хворыя і пажылыя людзі “могуць духоўна далучыцца да святкавання” юбілейнага года, “ахвяруючы Богу свае малітвы, цярпенні і штодзённыя цяжары, а звычайныя ўмовы выканаюць, калі гэта будзе магчыма”.

“Поўны адпуст падчас Года святога Францішка – гэта заклік да асабістай сустрэчы з Божай любоўю, якая дазваляе нам жыць у міры, пакоры і радаснай шчодрасці, па прыкладзе святога Францішка”, - патлумачыў іерарх.

Постаць святога Францішка асабліва каштоўная ў кантэксце духоўнай стомленасці

Некалькі дзён таму адбыліся абрады муравання Святых Брам, што азначае сімвалічнае заканчэнне Юбілейнага 2025 года, на змену якому прыходзіць чарговы юбілейны год у гонар святога з Асізі. На думку рэгента Апостальскай пэнітэнцыярыі, у сувязі з гэтым можа назірацца свайго роду “інфляцыя святасці”, калі чарговыя важныя падзеі “губляюць здольнасць кранаць сэрца”.

Іерарх нагадаў, што вера – гэта не пра колькасць, а пра глыбіню. “Постаць святога Францішка асабліва каштоўная менавіта ў кантэксце духоўнай стомленасці, – працягваў іерарх. – Ён не прапануе “больш практык”, але простае і аўтэнтычнае: вяртанне да Евангелля, якое чытаецца даслоўна і асабіста, радасць у малых рэчах, веру, якая перажываецца ў адносінах, а не толькі ў падзеях. Год, прысвечаны святому Францішку, можа быць запрашэннем зрабіць малітву больш простай, праз яе паглыбленне, а не памнажэнне; жыць Евангеллем, а не гаварыць пра яго”. Святы з Асізі запрашае “дазволіць, каб вера была часам “звычайнай”, без сільных эмоцый, але вернай у штодзённасці”; ён нагадвае, што “вера без любові становіцца пустой ідэяй”.

Рэгент указаў на надзвычайную актуальнасць спадчыны святога Францішка, які, “адмовіўшыся ад багацця і сацыяльнага прэстыжу, паказаў, што свабода сэрца нараджаецца з адрыву ад матэрыяльных дабротаў”, а беднасць мае “вечную каштоўнасць”. “Яго біяграфія паказвае, што сапраўднае наследаванне Хрыста грунтуецца не на дэклараванні ці ідэях, а на канкрэтным і рэальным ладзе жыцця, заснаваным на Евангеллі”, - падкрэсліў біскуп Нікель.

Пакора і аўтэнтычнасць веры – адно з пасланняў Года святога Францішка

Рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі нагадаў, што святы Францішак не шукаў прызнання ці ўлады, а хацеў жыць у праўдзе, як “другі Хрыстус”; яго жыццё было “адказам на абыякавасць, часам эгаізм – а гэта праблемы, якія бачныя і сёння, калі міжчалавечыя адносіны становяцца павярхоўнымі, а “віртуальнасць перамагае над рэальнасцю”.

Святы Францішак нагадвае нам, што “сапраўдная хрысціянская любоў патрабуе блізкасці, ахвярнасці і канкрэтных дзеянняў – учынкаў, якія існуюць па-за часам і ніколі не састарэюць”. Чалавек створаны з любові і для любові – гэта і ёсць цэнтральны пункт паслання святога Францішка. З гэтай кропкі, як дадаў іерарх, “вынікае стаўленне да міру і прымірэння”: “мір нараджаецца з сэрца, якое зведала навяртанне, а не з эгаістычных заяў або кампрамісаў без праўды”.

Пазбаўцеся ад усялякай прывязанасці да граху

Адна з умоваў атрымання адпусту – не мець прывязанасці да граху. Можа здавацца, што гэта “адзін з самых складаных, але і самых глыбокіх элементаў тэалогіі адпусту”. “З душпастырскага пункту гледжання варта разумець яе (умову) не як ідэал, даступны толькі абраным, – падкрэсліў біскуп Нікель. – Тэалагічна гаворка ідзе не толькі пра сам факт здзяйснення граху, але і пра ўнутраную згоду на грэх, прывязанасць да яго або гатоўнасць вяртацца да яго”. Менавіта такое стаўленне да граху нейтралізуе ласку.

Адпуст, як дадаў іерарх, гэта “плод еднасці з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом”, і гэтая еднасць “прадугледжвае нашае радыкальнае “не” граху”. “Гэта не стан бязгрэшнасці. Чалавек можа мець слабасці, штодзённыя грахі, якія паўтараюцца, і нават перажываць балючыя падзенні. Умовай адпусту з’яўляецца не ўпэўненасць у тым, што чалавек больш ніколі не будзе грашыць, а шчырае рашэнне парваць з грахом тут і цяпер. Значэнне мае намер і кірунак сэрца”, - патлумачыў рэгент, нагадаўшы пры гэтым, што “пазбаўленне ад прывязанасці да граху – гэта не проста маральнае намаганне, а дар Духа Святога”.

Зварот да душпастыраў

Споведзь, Камунія, пілігрымаванне, малітва – гэта толькі “прылады”, якія спрыяюць сустрэчы з Богам; “сапраўдныя ж плады адпусту з’яўляюцца, калі чалавек свядома адкрываецца на пераўтваральную сілу Бога”. Без гэтага “ласка застаецца недасягальнай”.

“Вельмі важна спалучаць практыкі адпусту з фармацыяй: тлумачыць сэнс граху і навяртання, духоўна суправаджаць, – перакананы рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі. – Адпуст становіцца сапраўднай ласкай, калі ён вядзе да змены кірунку жыцця. (…) Калі мы дапаможам вернікам успрымаць адпуст як этап на шляху навяртання, а не як духоўны кароткі шлях, ён сапраўды стане прыладай для сталення і паглыблення веры, што і з’яўляецца галоўнай мэтай юбілейнага Года святога Францішка”.

Ян Глінскі - Vatican News
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by