WYSIWYG Web Builder
Адпустовая ўрачыстасць у Шаркаўшчыне
13 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне прайшла адпустовая ўрачыстасць. Ушанаваць Крыж — сімвал пакут і збаўлення свету, сабраліся шматлікія вернікі і святары. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце ксёндз Алег Півавар.
Свята Узвышэння Святога Крыжа Каталіцкі Касцёл адзначае 14 верасня. Яно звязана са знаходжаннем дрэва крыжа, на якім памёр Езус Хрыстус, а таксама выражае глыбокі сэнс крыжа ў жыцці хрысціяніна. Сутнасць свята – указанне таямніцы Крыжа як цаны збаўлення чалавека.

На пачатку Эўхарыстыі, звяртаючыся з прывітальным словам да прысутных, пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі
SCJ заўважыў, што збіраючыся на парафіяльную ўрачыстасць, мы хочам не толькі праслаўляць Узвышэнне Крыжа, але ўглядацца ў Езуса Хрыста, які з любові да кожнага з нас аддаў сваё жыццё на крыжы.
Пра гісторыю ўзнікнення свята Узвышэння Крыжа распавёў падчас гаміліі айцец Ігар Колзун OFMCap, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах. Святар адзначыў, што крыж ва ўсе часы карыстаўся асаблівай пашанай сярод вернікаў, бо ён з'яўляецца не толькі інструментам жорсткай смерці і сімвалам найгоршых пакут, але крыніцай нашага збаўлення. Крыж Хрыста – гэта знак перамогі над злом, д’яблам і смерцю.

На заканчэнне гаміліі айцец Ігар заахвоціў задумацца вернікаў над тым, чым з'яўляецца крыж для кожнага з нас. Святар падкрэсліў, што насіць на сабе крыж неабходна з належнай пашанай, як сімвал Хрыста Збаўцы, а не як упрыгожванне. Прамоўца засяродзіў таксама ўвагу на пабожным удзяленні знаку крыжа і перасцярог ад нядбайнасці і паспешлівасці.
Літургію прадоўжыла працэсія з дарамі. Сёлета свае дары да алтара прынеслі жанчыны-маці, удзельніцы руху "Маці ў малітве".
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі SCJ падзякаваў прысутным за супольную малітву і ўдзел ва ўрачыстасці.

Потым, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам, супольна памаліліся літаніяй да Святога Крыжа і праславілі Пана Бога праз Эўхарыстычную працэсію вакол касцёла. Завяршылася ўрачыстасць спевам гімна Te Deum і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Жанна Закрэўская

13.09.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by