Сваю гамілію ксёндз Аляксандр Грыцкевіч распачаў словамі верша нашага мясцовага паэта Браніслава Мароза:
Дзе гараць найяснейшыя зоры,
Там мястэчка юнацтва—Міёры,
Што мяне прытуляе, як маці.
Расчыняю ўсе вокны ў хаце.
Хай на крылах ляціць з паднябесся
Жаўрука мілагучная песня,
Светлай радасцю поўняцца грудзі.
Добры дзень, мае родныя людзі.
Святар падкрэсліў, што Міёры з'яўляюцца таксама і яго "мястэчкам юнацтва". Мястэчка, у якім ён рабіў першыя крокі па жыцці і першыя крокі да Бога. Узгадаўшы асноўныя моманты свайго жыцця, якія звязаныя з нашым горадам, ксёндз Аляксандр заўважыў: "Час уцякае, вечнасць чакае. Сённяшняя ўрачыстасць якраз датычыць вечнасці."
Далей, разважаючы над словамі Святога Пісання на ўрачыстасць, святар засяродзіў увагу на ролі Маці Божай у збаўленні чалавека. "Марыя стала той, праз каго Пан Бог адчыніў нам браму нябеснага валадарста. Яе Magnificat — гэта гімн перамогі над смерцю, гімн падзякі і праслаўлення. <...> Наша сённяшняя малітва ў мёрскай святыні — знак таго, што наша душа, як і Марыя, спявае гімн Богу" — адзначыў прамоўца.