Цэлебрацыю святой Імшы ў гэты дзень узначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Разам з ім пры алтары маліліся пробашч парафіі кс. Андрэй Кулік, кс. Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска, кс. Іван Кароткін з Лужкоў і айцец Віктар Мялешка OFM з Удзела. Паслугу ў канфесіянале аказвалі кс. Віктар Сініцкі SCJ з Шаркаўшчыны і кс. Вячаслаў Адамовіч з Ідолты.
У прывітальным слове біскуп Алег падкрэсліў, што "святкуючы разам з усім Каталіцкім Касцёлам вялікую падзею для кожнага чалавека — прыняцце да нябеснай хвалы Найсвяцейшай Панны Марыі, варта ўглядацца ў Яе вобраз, бо той шлях, які прайшла Багародзіца за сваё жыццё, павінен стаць шляхам кожнага з нас".
"Няхай сённяшняя ўрачыстасць абудзіць у нас прагненне дасягнуць удзелу ў нябесным валадарстве, а супольная малітва праслаўлення Бога адновіць нашую веру і адкрые нашыя сэрцы на дзеянне Духа Святога. Просім Бога, каб умацаваў тых, хто сёння прыме сакрамант канфірмацыі, на далейшай дарозе да больш глыбокага пазнання Езуса Хрыста, каб як сапраўдныя хрысціяне яны маглі бараніць сваю веру, а перад усім жыць паводле гэтай веры”, — заклікаў да малітвы прысутных вернікаў іерарх.