WYSIWYG Web Builder
Адвэнт - час чакання
У нядзелю 3 снежня распачынаецца Адвэнт. У гэтым годзе ён выключна кароткі — усяго тры тыдні, таму варта выкарыстаць гэты час з карысцю. Адвэнт – гэта чаканне. Адвэнт – гэта прыход. Чарговы раз мы ўваходзім у гэты асаблівы час.
Каго мы чакаем? Хто павінен прыйсці? Гэта Бог нанова хоча ўвайсці ў нашае жыццё. Для таго, каб пераканаць нас, што Ён жыве і дзейнічае. Для таго, каб абвясціць нам сваю хвалу. Для таго, каб аб’явіць сваю моц... “Чалавека мы пазнаём па яго чаканні: нашу маральную і духоўную «вялікасць» можна мераць тым, чаго мы чакаем, на што спадзяёмся” - Бенедыкт XVI.

На кірмашы старога ня­мец­кага горада Трыр побач стаяць дзве касцёльныя вежы. Ніжэй званіцы на кожнай з іх маецца лацінскі надпіс. Першы гучыць: “Чувайце і маліцеся”, а другі заканчвае цытату: “Бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”. Званы, якія адбіваюць гадзіны, што нястомна праходзяць, нагадваюць нам пра тое, хто час хутка мінае, таму неабходна чуваць.

Якім павінна быць наша чуванне падчас Адвэнту? Нельга даць універсальнай парады, аднак трэба пазбягаць мітусні, а перадкалядныя прыгатаванні не павінны засланіць галоўнае — Нараджэнне Збаўцы. Наша чаканне свята Божага Нараджэння неабходна пачаць з духоўнай падрыхтоўкі: супольнай малітвы ў сям'і, чытання Святога Пісання, сакрамантаў пакаяння і Эўхарыстыі, удзелу ў Раратах і рэкалекцыях.

Каб духоўныя практыкі не былі для нас абцяжарваючымі, варта выкарыстоўваць адвэнтавыя традыцыі. Адна з самых прыгожых традыцый Адвэнту – гэта запальванне чатырох свечак у адвэнтавым вянку з яловых галінак. Кола вянка з’яўляецца сімвалам еднасці і вечнасці. Яно нагадвае цыкл пораў году, які паўтараецца, а таксама з’яўляецца сімвалам перамогі Хрыста. Вечназялёныя галінкі сасны або ялінкі з’яўляюцца сімваламі вечнага жыцця і надзеі: павінен нарадзіцца Месія, які пераможа цемру, зло і смерць. Галінкі нагадваюць уваход Езуса ў Ерузалем, калі Яго віталі таксама зялёнымі галінкамі пальмаў і ўсклікалі: «Вітай, Кароль Юдэйскі!».

Чырвоныя стужкі ў вянку сімвалізуюць любоў Бога, якая ў сваю чаргу выяўляецца ў нараджэнні Божага Сына, што стаў чалавекам. Фіялетавыя стужкі — гэта знак пакаяння і навяртання ў перыяд чакання нараджэння Месіі.

Кожная свечка ў адвэнтавым вянку мае сваю назву і адмысловае значэнне. У першую нядзелю Адвэнту ўрачыста запальваецца першая свечка – свечка «Прароцтваў». Яна сімвалізуе прароцтвы Бібліі, якія папярэднічалі з’яўленню Збаўцы – Езуса Хрыста. Другая свечка запальваецца ў другую нядзелю Адвэнту. Гэта «Бэтлеемская» свечка, якая так названа ў памяць аб падарожжы Марыі і Юзафа ў Бэтлеем і нараджэнні Дзіцяткі Езуса. Трэцяя свечка – свечка «Пастухоў». Гэтая свечка прысвечана пастухам, якія з дапамогай анёлаў першымі знайшлі Дзіця і пакланіліся яму. Трэцяя нядзеля Адвэнту мае назву Gaudete (“Радуйцеся”), таму свечка радаснага, ружовага колеру. Чацвёртая свечка Адвэнту называецца свечка «Анёлаў», яна сімвалізуе анёлаў, якія аб’явіліся пастухам у бэтлеемскай пячоры, паведаміўшы ім пра нараджэнне Дзіцяткі Езуса.

Па сваёй сутнасці адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасці, якая з любоўю і радасцю чакае нараджэння свайго Пана. Вось чаму ён павінен быць змешчаны ў касцёле на бачным месцы, або дома — на стале. Дома, згодна з традыцыяй, свечкі запальвае самы малодшы член сям’і.

Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чуванне, у Беларусі толькі пачынае набіраць моц — гэта адвэнтавы каляндар. Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзяванкай з’явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Найбольш традыцыйнай формай календара з’яўляецца скрыначка з акенцамі па колькасці дзён Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзецям (ды і дарослым) можна толькі раз на дзень пасля таго, як зрабіў добры ўчынак.

Якімі б прыгожымі ні былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць Божае Нараджэнне.

Паводле матэраялаў каталіцкіх сайтаў Slowo.grodnensis.by, Ave-maria, Catholic.by

Раім пачытаць
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by